Міхайлаўскі лісток (07.01.2015)Свята Раства Хрыстова

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы з Вамі адзначаем адно з найвялікшых святаў усяго хрысціянскага свету – свята Божага Нараджэння. Калісьці Спрадвечны Сын Божы нарадзіўся як чалавек, дзеля таго,  каб стаць  адным  з нас і  падзяліць з намі нашыя спакусы і нашыя радасці, нашыя пакуты і нашыя спадзяванні,  каб  у рэшце рэшт  збавіць  загубленую грахом чалавечую прыроду і ўзвесьці яе на тую вышы-ню, якая была прадугледжана для яе Божай Задумай.

Мы  сузіраем  шматлікія  выявы  Святой Сям’і,  якія  ў Беларусі  традыцыйна  завуцца вярцепамі ці стаенкамі, і  нашыя  сэрцы  напаўняюцца  цішынёй  і  радасцю. З даўніх  часоў  атрыбуты  Божага  Нараджэння  былі сімваламі міру, спакою і сямейнай ідыліі.

Аднак, як гэта часта бывае ў нашай рэчаіснасці, Раство Хрыстова – дзень настолькі ж радасны, наколькі і драматычны. З аднаго боку, кожная хрысціянская душа сёння шчыра ўзрадаваная тым, што Хрыстос з намі цяпер і назаўжды, з іншага боку – мы памятаем пра тое, што пячора віфліемскіх пастухоў, дзе  з’явіўся  на свет Богачалавек  –  гэта  пачатак крыжовых пакутаў нашага Госпада, пакутаў, выкліканых нашымі грахамі – вялікімі і маленькімі, выключнымі і штодзённымі. Хрыстос прыходзіць у свет, поўны зла і цемры, сярод якіх толькі маленькія іскрынкі нямногіх душ гатовыя адказаць на Ягоную любоў.

Дата,  якую  мы  святкуем,  мае  сімвалічны  характар. Дакладны  дзень  Хрыстовага  Нараджэння  невядомы. Розныя  даследчыкі  выказваюць  меркаванні,  што яно магло адбыцца як зімой, так і летам. Аднак старажытная Царква палічыла неабходным прызначыць святкаванне Раства на 25 снежня (сёння 7 студзеня па новым стылі). У гэты  час  ва  ўсіх індаеўрапейскіх  народаў  – у  грэкаў, рымлянаў, славянаў  і  германцаў  – адзначаліся зімовыя святкі,  звязаныя  з тым,  што  ноч пачынае  ўбываць, а дзень павялічвацца.

Дзень пачатку новага святла – святла будучага году – падаўся старажытным хрысціянам зручным, каб адзначыць Нараджэнне ў свет Праўдзівага, Нястворанага Святла. Тэма сонца  і  святла  з’яўляецца  важнай  повяззю  і  ў трапары,  прысвечаным  Раству,  дзе Хрыстос названы Сонцам Праўды.

Чаму ж гэты умоўна прызначаны дзень такі важны для нас,  што  па  ўзроўні  святкавання  яго  ў  царкве  ён саступае хіба што аднаму толькі дню Светлай Пасхі.

Бадай што, менавіта ў гэты дзень мы нагадваем самім сабе  і  адзін  адному  пра  той  светлы  момант,  калі Гасподзь  наш  нарадзіўся  ў нашым  сэрцы,  адкрыў нашаму духу Сваю святую прысутнасць.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Рождество́ Твое́, Христе́ Бо́же наш,/

возсия́ ми́рови свет ра́зума:/

в нем бо звезда́м служа́щии /

звездо́ю уча́хуся / Тебе́ кла́нятися Со́лнцу Пра́вды,/

и Тебе́ ве́дети с высоты́ Восто́ка;//

Го́споди, сла́ва Тебе́.

па-беларуску

Нараджэнне Тваё, Хрысце Божа наш, /

азарыла свет святлом разумення,/

бо праз яго служыцелі зорак /

зоркаю наву́чаны былі / пакланя́цца Табе, Сонцу Праўды,/

í пазнаць у Табе Усход з вышынí.//

Госпадзі, слава Табе.

 

Кандак, спеў 3

па-царкоўнаславянску

Де́ва днесь Пресу́щественнаго ражда́ет,/

и земля́ верте́п Непристу́пному прино́сит;/

а́нгели с па́стырьми славосло́вят,/

волсви́ же со звездо́ю путеше́ствуют;/

нас бо ра́ди роди́ся Отроча́ мла́до, Преве́чный Бог.

па-беларуску

Дзева сёння нараджае Вышэйшага за ўсялякую істоту,/

і зямля вярцеп Непрыступнаму прыносіць; /

анёлы з пастухамі славасловяць, /

а валхвы з зоркаю падарожнічаюць; //

бо дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое – Спрадвечны Бог.

 --------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 6 студзеня 2015 г.