Міхайлаўскі лісток (15.02.2015)

СВЯТА СТРЭЧАННЯ ГАСПОДНЯГАСвята Стрэчання Гасподняга

Дарагія  браты  і  сёстры!

Сёння  мы  з  Вамі  адзначаем  урачыстасць  Стрэчання Гасподняга. Гэты дзень належыць да  кола двунадзесятых (дванацці  самых  значных)  святаў.  Пад  час  літургіі праваслаўная царква нагадвае сваім дзецям евангельскі эпізод, калі  Ісус  быў  упершыню  прынесены  Сваімі  бацькамі  ў Іерусалімскі  Храм (габр.  הַמִּקְדָּשׁ בֵּית  –  Бэйт Амігдаш,  даслоўна  –  Дом Асвячэння).

Закон Божы патрабаваў, каб на саракавы дзень пасля нараджэння першынец быў “выкуплены”, то бок за яго прыносілася спецыяльная ахвяра. Гэтую маленькую, але ўсё ж абавязковую запаведзь прыйшлі ў храм выканаць Язэп і Марыя.

У гэты дзень, паводле натхнення Духа Божага, храм наведали таксама двое прарокаў – прарочыца Ганна, якая жыла пры святыні, і старац Сімяон. Абодва божыя чалавекі засведчылі  тое,  што  сёння  Бэйт  Амігдаш  наведвае  не звычайнае дзіця, а будучы Збаўца Ізраіля.

Паволе  падання  старац  Сімяон  быў  праведным  і адукаваным мужам, які быў абраны ў гурток сямідзесяці талмачоў, якія былі пакліканыя перакласці кнігі Старога Запавету на грэцкую мову для Александрыйскай бібліятэкі. Гэты пераклад стаў вельмі важным як для грэкамоўных юдэяў, так і ў будучым  для хрысціянаў.


Як сведчыць легенда, перакладаючы прароцтва пра Божую Маці, Сімяон засумняваўся ці варта перакладаць габрэйскае слова “альма” (дзяўчына) як “партэна” (дзева, нявінніца), ці ўсё ж такі назваць яе “маладой жанчынай”, бо яна ўжо  “зачала дзіця”.  Аднак  Дух Святы  развеяў  сумневы Сімяона  і  адкрыў  яму,  што  старац  убачыць,  як  гэтае прароцтва збудзецца, то бок здолее ўзяць на рукі Самога доўгачаканага Месію.

Словы, прамоўленыя святым старцам, былі паэтызаваныя ў  хрысціянскай  царкве  і  ператварыліся  ў  багаслужбовы спеў, вядомы як песня Сімяона Богапрыімцы:

Сёння адпускаеш раба Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, з мірам, бо бачылі вочы мае Збавенне Тваё, якое ты прыгатаваў перад абліччам усіх людзей, святло для прасвятлення народаў і славу людзей Тваіх – Ізраіля.

У  гэтых  словах  утрымліваецца  радасць  аб  тым,  што чаканне   ўсяго  жыцця   нарэшце  спраўдзілася   (цяпер адпускаеш раба Твайго з мірам) і прароцтва пра тое, што Ісус  стане  не  толькі  збавеннем  і  славай  Ізраіля, але і збавеннем для ўсіх народаў Зямлі.

Прадказанне Сімяона, звернутае да Багародзіцы, “табе самой зброя пройдзе праз душу” стала асновай для напісання абраза Прачыстай Марыі, які завецца “Змягчэнне жорсткіх сэрцаў”.

Само  свята  Стрэчання  стала  ўпершыню  адзначацца 
ў  Іерусалімскай  царкве не пазней  чацьвёртага стагоддзя.
У той час яно завяршала саракадзённы цыкл Багаяўленскіх урачыстасцяў. Гэты час, які прыходзіўся на самыя кароткія дні  і  самыя  доўгія  ночы  году,  называўся  яшчэ  святамі Святла, як нагаданне пра словы евангеліста Яна аб тым, што “Святло прыйшло ў свет” і “цемра Яго не паглынула”.

Як  сімвал  Хрыстовага  Святла,  Божай  асветы  ў  дзень Стрэчання Гасподняга асвячаюцца свечы. Існуе традыцыя запальваць гэтыя свечы ў цяжкія моманты жыцця як сімвал несупыннай Божай дапамогі.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 1

па-царкоўнаславянску

Ра́дуйся, Благода́тная Богородице Де́во, /
из Тебе́ бо возсия́ Со́лнце пра́вды, Христо́с Бог наш, / просвеща́яй су́щия во тьме. / Весели́ся и ты, ста́рче пра́ведный, / прие́мый во объятия Свободи́теля душ наших, // да́рующаго нам Воскресе́ние.

па-беларуску

Радуйся, Благадатная Багародзіца Дзева, / бо з Цябе заззяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш, / Які асвятля́е тых, хто ў цемры./ Весяліся і ты, ста́рац праведны, / прыня́ўшы ў абдымкі Вызваліцеля душ нашых, // Які падае́ нам уваскрасенне.

 

Кандак, спеў 1

па-царкоўнаславянску

Утро́бу  Деви́чу  освяти́вый  рождество́м  Твоим, /
и ру́це Симео́не благослови́вый, я́коже подоба́ше, / предвари́в, и ны́не спасл еси́ нас, Христе́ Бо́же: / но умири́ во бране́х жи́тельство / и укрепи́ лю́ди, и́хже возлюби́л еси́, // Еди́не Человеколю́бче.

па-беларуску

Улонне  Дзявочае асвяціўшы нараджэннем Тваім, /
í  рукі Сімяонавы благаславіўшы, як належала, /
і нас цяпер Ты хутка ўратаваў,  Хрысце  Божа. / Супакой жа  варожасць жыха́рства / і ўмацуй людзей, якіх ўзлюбіў Ты, // адзіны Чалавекалюбец.

 --------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 15 лютага 2015 г.