Міхайлаўскі лісток (23.02.2015)

Святая чатырохдзесятніца – Вялікі пост

Вялікі пост, які прасцінаецца на працягу сарака дзён перад Лазаравай суботай, з’яўляецца самым старажытным з усіх шматдзённых пастоў, якія адзначаныя ў календары Праваслаўнай Царквы.

Першапачатковае яго прызначэнне было звязана з катэхізацыяй будучых хрысціянаў, якія мелі прыняць хрышчэнне на Пасху. У тыя часы хрысцілі дарослых людзей пасля спецыяльнай падрыхтоўкі, якая пагрэцку называлася катэхізіс, то бок “вуснае настаўленне”, “аглашэнне”. Рыхтуючыся да самага важнага ў сваім жыцці кроку, катэхумены не толькі вывучалі асновы веры, але і ўзмоцнена маліліся ды трымалі саракадзённы пост на ўспамін таго посту, які трымаў перад выхадам на Сваё пастырскае служэнне Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос. Разам з новымі супольнікамі малілася ды пасцілася і ўся царква верных, падтрымліваючы катэхуменаў саборнай малітвай.

Пад час святой чатырохдзесятніцы ў храмах прачытваюцца біблійныя кнігі, якія лічыліся найбольш важнымі для асветы будучых хрысціянаў – Быццё, Псалтыр, Прыпавесці Саламона, Прароцтва Ісаі ды, канешне ж, Евангеллі.

З цягам часу практыка Вялікага посту зазнала моцны ўплыў звычаяў манаства, якое зарадзілася як духоўны рух у IV стагоддзі і вядзе свой радавод ад святых вялікіх айцоў Антонія, Пахома і Васіля. Менавіта манаства сфармавала багаслужбовы парадак святой чатырохдзесятніцы – адмысловы чын вячэрань, павячэр’яў, палуначніц і гадзінаў, а таксама прычасце раней асвечанымі Дарамі двойчы на тыдзень. Боская літургія пры гэтым служыцца толькі ў суботу і нядзелю, прычым нядзельная літургія трымаецца больш старога чыну Васіля Вялікага.

Такі парадак багаслужбаў быў звязаны з тым, што раннія айцы-пустыннікі праводзілі Вялікі пост, жывучы паасобку ў пустыні і збіраліся для агульных службаў толькі ў суботу і нядзелю. Таму будзённымі днямі служыліся толькі службы, якія могуць быць прачытаныя келейна: вячэрня, павячэр’е і інш.

Першапачаткова келейным было і прычасце раней асвечанымі Дарамі, якія айцы-пустыннікі, відавочна, бралі з сабой з нядзельнай службы. Аднак пазней, хутчэй за ўсё, пры пранікненні манаскіх звычаяў у багаслужбовы парадак гарадскіх храмаў, сфармавалася спецыяльная служба – літургія раней асвечаных Дароў, аўтарства якой прыпісваецца папу рымскаму свяціцелю Грыгору Дыялагісту. Гэты чын уяўляе сабой вячэрню, якая мусіць служыцца ўвечары серады і пятніцы, вянчаючы сабой дні самага строгага посту. Аднак, у некаторых храмах гэтую службу служаць раніцай серады і пятніцы, тлумачачы гэта недастатковай строгасцю посту міранаў, што супярэчыць традыцыі.

У першы тыдзень посту чытаецца пакаяльны канон богападабанага Андрэя Крыцкага. Гэты твор духоўнай гімнаграфіі вельмі доўгі, таму прачытваецца не запар, а чатырма амаль роўнымі часткамі на павячэр’ях панядзелка, аўторка, серады і чацвярга першага тыдню. У пятніцу адбываецца асвячэнне коліва – адмысловага віду поснай ежы.

Адносна ежы у Вялікі пост у Рускай праваслаўнай царкве існуе толькі манаскі статут. Згодна з ім першы панядзелак посту неабходна ўстрымацца ад ежы, а ў астатнія панядзелкі, сярэды і пятніцы належыць “сухаядзенне”, то бок адмаўленне ад гарачай ежы. У аўторак і чацьвер дазваляецца прыгатаваная ежа без алею, а ў суботу і нядзелю – з алеем і віном. Калі свята Дабравешчання прыпадае на святую чатырохдзесятніцу, то ў гэты дзень дазваляецца рыба.

Аднак на практыцы не многія міране вытрымліваюць такую строгасць посту, таму кожны прытрымліваецца тога ўзроўню ўстрымання, да якой дарос духоўна і якую дазваляе ягоны фізічны стан. Зрэшты, з улікам абставінаў, посны стол мяняўся і ў манастырах. Так, у Салавецкім манастыры здавён на працягу ўсяго Вялікага посту ўжывалася рыба, бо на марскіх астравах, якімі з’яўляюцца Салаўкі, рыба – самы даступны прадукт, а вось гародніну прыходзіцца вазіць з мацерыка. У многіх памесных праваслаўных цэрквах міранскі статут посту адрозніваецца ад манастырскага меншай строгасцю.

Вельмі важным патрабаваннем да поснай ежы з’яўляецца тое, каб яна была простай (то бок не патрабавала шмат часу на прыгатаванне) і недарагой (каб вызваліць больш сродкаў на добрыя справы). Свяціцель Ян Златавусны ў сваіх настаўленнях жорстка высмейвае багатых хрысціянаў свайго часу, якія мелі для посту асобныя рондалі, у якіх мяса нават ніколі не варылася, але пры гэтым не забываліся цешыць сябе дарагімі фруктамі і іншымі прысмакамі, недаступнымі простым людзям. Ну, і самае важнае – гэта тое, што Вялікі пост важна прысвяціць сапраўднаму навяртанню да Бога.

Вялікі пост багаслужбова завяршаецца навячэр’ем Лазаравай суботы, якая адкрывае іншы перыяд: перыяд Пасхі Крыжа. У гэты час, нягледзячы на завяршэнне святой чатырохдзесятніцы, пост не прыпыняецца, а становіцца больш строгім, больш напружаным у духоўным сэнсе і працягваецца аж да светлага свята Пасхі – Уваскрасення Хрыстова.

 --------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 23 лютага 2015 г.