Міхайлаўскі лісток (22.03.2015)

22 сакавіка (9 сакавіка па старым стылі) Царква ўшаноўвае памяць сарака пакутнікаў Севасційскіх.

СОРАК ПАКУТНІКАЎ СЕВАСЦІЙСКІХ

У 313 годзе святы Канстанцін Вялікі выдаў указ, згодна з якім хрысціянам дазвалялася свабода веравызнання і яны ўраўноўваліся ў правах з язычнікамі. Але ягоны суправіцель Ліцыній быў перакананым паганцам і ў сваёй частцы імперыі вырашыў вынішчыць хрысціянства, якое значна распаўсюдзілася там. Ліцыній рыхтаваўся да вайны супраць Канстанціна і, баючыся здрады, вырашыў ачысціць ад хрысціянаў сваё войска. У той час у армянскім горадзе Севасціі (зараз Турцыя) адным з военачальнікаў быў Агрыкалай, руплівы прыхільнік паганства. Ён узначальваў дружыну з сарака кападакійцаў, адважных воінаў, якія выйшлі пераможцамі ў многіх бітвах. Усе яны былі хрысціянамі. Калі ваяры адмовіліся прынесці ахвяру паганскім багам, Агрыкалай заключыў іх у вязніцу. Воіны аддаліся стараннай малітве і аднойчы ноччу пачулі голас: "Хто трываў да канца, той збаўлены будзе".

На наступную раніцу воінаў зноў прывялі да Агрыкалая. Ён стаў хваліць іх мужнасць, маладосць і сілу і зноў прапанаваў ім адрачыся ад Хрыста і тым набыць сабе гонар і ўпадабанне ад самога імператара. Зноў пачуўшы адмову, Агрыкалай загадаў закаваць воінаў. Аднак старэйшы з іх, Кірыён, сказаў: "Імператар не даваў табе права накладаць на нас кайданы". Агрыкалай збянтэжыўся і загадаў адвесці ваяроў у вязніцу без кайданоў.

Праз сем дзён у Севасцію прыбыў знакаміты саноўнік Лісій і зладзіў суд над ваярамі. Святыя цвёрда адказвалі: "Вазьмі не толькі наша воінскае званне, але і жыцці нашы, для нас няма нічога даражэй за Хрыста Бога". Тады Лісій загадаў пабіць святых пакутнікаў камянямі. Але камяні ляцелі ўбок; камень, кінуты Лісіем, трапіў у твар Агрыкалаю. Было зразумела, што святых агароджвае нейкая нябачная сіла. У вязніцы воіны правялі ноч у малітве і зноў пачулі, як суцяшае іх Госпад:
"Хто верыць у Мяне, калі і памрэ, ажыве. Адважвайцеся і не бойцеся, бо ўспрымеце вянкі нятленныя".

На наступны дзень суд перад катам і допыт паўтарыўся, воіны ж засталіся непахісныя. Стаяла зіма, быў моцны мароз. Святых воінаў распранулі, павялі да возера і паставілі пад вартай на лёдзе на ўсю ноч. Каб зламаць волю пакутнікаў, непадалёк на беразе растапілі лазню. А першай гадзіне ночы, адзін з воінаў не вытрымаў і кінуўся бягом да лазні, але як толькі ён пераступіў парог, упаў, як мёртвы. А трэцяй гадзіне ночы Госпад паслаў радасць пакутнікам: нечакана стала светла, лёд растаў, і вада ў возеры стала цёплай. Усе вартаўнікі спалі, не спаў толькі адзін, якога звалі Аглай. Зірнуўшы на возера, ён убачыў, што над галавой кожнага пакутніка з'явіўся светлы вянок. Аглай налічыў трыццаць дзевяць вянкоў і зразумеў, што уцякач-воін пазбавіўся свайго вянка. Тады Аглай пабудзіў астатніх вартаўнікоў і сказаў ім: "І я – хрысціянін!". І далучыўся да пакутнікаў. Стоячы ў вадзе, ён маліўся: "Госпадзе Божа, я веру ў Цябе, у Якога гэтыя воіны вераць. Далучы і мяне да іх, няхай спадоблюся пацярпець з Тваімі рабамі".

Назаўтра вартаўнікі са здзіўленнем убачылі, што пакутнікі жывыя, а Аглай разам з імі ўслаўляе Хрыста. Тады воінаў вывелі з вады і перабілі ім галёнкі. Падчас гэтай пакутлівай смерці маці самага юнага з воінаў, Мелітона, пераконвала сына не баяцца і пераносіць усё да канца. Целы пакутнікаў паклалі на калясніцы і павезлі на спаленне. Юны Мелітон яшчэ дыхаў, і яго пакінулі ляжаць на зямлі. Тады маці ўзняла сына і на сваіх плячах панесла яго ўслед за калясніцай. Калі Мелітон выпусціў апошні ўздых, маці паклала яго на калясніцу побач з целамі яго святых паплечнікаў. Целы святых былі спалены на вогнішчы, а абвугленыя косткі кінулі ў ваду, каб хрысціяне не сабралі іх.

Праз тры дні пакутнікі з'явіліся ў сне блажэннаму Пятру, епіскапу Севасційскаму, і загадалі яму зрабіць пахаванне іх парэшткаў. Епіскап з некалькімі клірыкамі ноччу сабраў астанкі слаўных пакутнікаў і з гонарам пахаваў іх.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 1

па-царкоўнаславянску

Страстотерпцы всечестнии,/ воини Христовы четыредесяте,/ твердии оружницы,/ сквозе бо огнь и воду проидосте/ и Ангелом сограждане бысте,/ с нимиже молитеся Христу о иже верою хвалящих вас./ Слава Давшему вам крепость,/ слава Венчавшему вас,/ слава Подавающему вами всем исцеления.

па-беларуску

Страстаце́рпцы ўсячэ́сныя,/ сорак во́інаў Хрысто́вых,/ вы, моцна ўзбро́еныя,/ скрозь агонь і ваду́ прайшлі,/ і Ангелам супо́льнымі жыхара́мі ста́лі,/ з імі ж малíцеся Хрысту за тых, што з ве́раю праслаўля́юць вас./ Сла́ва, Таму́, Які даў вам моц,/ сла́ва Таму́, Які вас Увянча́ў,/ Сла́ва Таму́, Які ўсім дае праз вас ацале́нні.

Кандак, спеў 6

па-царкоўнаславянску

Все воинство мира оставльше,/ на Небесех Владыце прилепистеся,/ страстотерпцы Господни четыредесять,/ сквозе огнь бо и воду прошедше, блаженнии,/ достойно восприясте славу с Небес/ и венцев множество.

па-беларуску

Усё воінства све́ту пакíнуўшы, / на нябёсах да Ўладара́ далучы́ліся вы,/ сорак страстаце́рпцаў Гаспо́дніх,/ скрозь агонь і ваду прайшо́ўшы, блажэ́нныя, / го́дна атрыма́лі сла́ву з Нябёс // і вянцо́ў мно́ства.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтавала Вера Слямнёва 

Дата выпуску: 22 сакавіка 2015 г.