Міхайлаўскі лісток (05.04.2015)

Пасха Крыжа
Уваход Гасподні ў Іерусалім

УВАХОД ГАСПОДНІ Ў ІЕРУСАЛІМ

Зазвычай, калі мы кажам слова Пасха, у большасці вернікаў гэтае слова асацыіруецца з Вялікаднем, то бок з самой Светлай Урачыстасцю Хрыстовага Уваскрасення.

Аднак  слова  Пасха  паходзіць  ад  габрэйскага  слова  Пасах (פסח), што значыць “мінаванне”, “праходжанне”.

У Старым Запавеце Пасха была святам вызвалення Божага Народу з Егіпта, з дому рабства, а ў Новым – вызвалення з валадарства граху і смерці праз смерць і ўваскрасенне Госпада Нашага Ісуса Хрыста. Гаркота пакутаў смерці і радасць уваскрасення неаддзельныя адно ад аднаго. Таму, як раней Народ Божы еў пасхальнае ягня з горкімі зёлкамі, якія нагадвалі пра рабства егіпецкае, так і зараз Святая Праваслаўная Царква ўспамінае як дні пакуты Госпада (Пасха Крыжа, Страсны тыдзень), так і Яго уваскрасенне (Вялікдзень, Светлы тыдзень).

Успамін Пасхі Крыжа пачынаецца ў Лазараву Суботу. Гэты дзень ужо не адносіцца да святой чатырохдзесятніцы Вялікага посту, хаця пост яшчэ не адпускаецца.

Лазарава Субота

У Лазараву Суботу ўзгадваецца уваскрашэнне Лазара – сябра Хрыста. Гэтае дзеянне было зроблена, калі Лазар прабыў ужо чатыры дні ў магіле. Такім чынам Гасподзь Ісус на вачах усяго народу паказаў апошнюю з трох найважнейшых прыкметаў Месіі, вядомых юдэйскаму паданню, – ацаліць народжанага сляпым, выгнаць глуханямога шатана і ўваскрасіць памерлага.

Уваскрашэнне Лазара стала тым паваротным момантам, калі Божы Народ пачаў канчаткова дзяліцца на тых, хто вызнае Ісуса Месіяй і хто гэтаму супраціўляецца.

Уваход Гасподні ў Іерусалім

Свята Уваходу Госпада ў Іерусалім (Вербная нядзеля ці Нядзеля вай), працягвае ўзгаданне крыжовых пакут Хрыста. Асліца і малады асёл, як было прадказана ў прарокаў, уводзяць Госпада ў Іерусалім – насустрач Ягонаму выбару. Ісус уваходзіць у сталіцу як валадар, але валадар рахманы і мірны. Тое, што цар едзе ў горад на асле, успрымалася як знак міру, як знак таго, што горад не будзе знішчаны (у адрозненне ад уезду на калясніцы).

У гэты дзень і мы, як бы прысутнічаючы там, вітаем Хрыста галінкамі вербаў і вызнаем Яго сваім Валадаром і Госпадам.

Вялікі Панядзелак

У панядзелак Страсной сядзьміцы прыпамінаецца стара-запаветная гісторыя пра продаж Язэпа братамі ў Егіпет як правобраз Распяцця Хрыста, а таксама гісторыя са смакоўніцай, на якой Гасподзь Ісус не знайшоў плода.

У гэты дзень вернікі ўзгадваюць аб тым, што смерць Хрыста адбылася па нашых правінах і моляць Госпада аб тым, каб прынесці належны плод пакаяння і не аказацца не гатовымі ў дзень прыходу Хрыстовага.

Вялікі Аўторак

У аўторак Страсной сядзьміцы ў царкве ўзгадваюцца тыя строгія выкрыванні, прамовіў Ісус у адносінах да кніжнікаў і фарысеяў, а таксама прыпавесці і настаўленні, прамоўленыя ў храме, – аб падатках кесару, аб Страшным судзе, прыпавесць аб талентах і аб дзесяці дзевах.

У гэты дзень і кожны з нас атрымлівае строгія, але пры гэтым практычныя і выканальныя настаўленні Госпада Ісуса аб тым, як трэба сябе паводзіць і пра што клапаціцца, каб стацца спадкаемцам Божага Валадарства.

Вялікая Серада

У сераду Страсной сядзьміцы ўзгадваецца здрада Юды, а таксама ўчынак жанчыны, якая памазала ногі Хрыста каштоўным мірам. Гэтыя гісторыі паказваюць нам гісторыю чалавека, які спакусіўся дабротамі гэтага свету і чалавека, які нічога не пашкадаваў дзеля Хрыста.

ПАСХА КРЫЖА

Вялікі Чацвер

У гэты дзень узгадваецца Таемная вячэра Хрыста і Ягоных вучняў. Служыцца літургія Васіля Вялікага.

Вялікая Пятніца

Узгадваюцца Крыжовыя пакуты і смерць Хрыста. За ютранню (служба адбываецца ў чацвер увечары) чытаюцца 12 урыўкаў з евангелляў з расповедам пра гэтыя падзеі. Удзень адбываецца вынас Плашчаніцы – іконы Хрыста, які ляжыць у магіле. Плашчаніцу выносяць з алтара ў цэнтр храма і кладуць у «магілу» – узвышша, упрыгожанае кветкамі.

Вялікая Субота

У гэты дзень узгадваецца перабыванне Хрыста ў магіле. Здзяйсняецца літургія Васіля Вялікага разам з вячэрняй. Спевы ў памяць пахавання Ісуса Хрыста злучаюцца са спевамі Уваскрасення. Да часу чытання Евангелля, якое абвяшчае пра ўваскрасенне Збавіцеля (Мц. 28: 1-20), усё – святары, Прастол, ахвярнік і аналой пераапранаецца ў светлае.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар свята Уваходу Гасподняга
ў Іерусалім, спеў 1

па-царкоўнаславянску

Общее воскресе́ние / пре́жде Твоея́ стра́сти уверя́я,/ из ме́ртвых воздви́гл еси́ Ла́заря, Христе́ Бо́же,/ те́мже и мы я́ко о́троцы побе́ды зна́мения нося́ще,/Тебе́ победи́телю сме́рти вопие́м:// оса́нна в вы́шних, благослове́н Гряды́й во имя Господне.

па-беларуску

Агульнае уваскрасенне / яшчэ перад Тваімі пакутамі сцвярджа́ючы, / з мёртвых падняў Ты Лазара, Хрысце Божа. / Таму і мы, як дзеці, несучы́ сімвалы перамогі,/ Табе, Пераможцу смерці, ускліка́ем://Аса́нна ў вышніх! Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя́ Гасподняе!

Кандак свята Уваходу Гасподняга
ў Іерусалім, спеў 6

па-царкоўнаславянску

На престо́ле на небеси́, / на жеребя́ти на земли́ носи́мый, Христе́ Бо́же, / а́нгелов хвале́ние, и дете́й воспева́ние прия́л еси́ зову́щих Ти: / Благослове́н еси́, гряды́й Ада́ма воззва́ти.

па-беларуску

На прастоле — на нябёсах, / а на зямлі — на асляня́ці се́дзячы, Хрысце Божа, / прыняў Ты ангелаў усхвале́нне і спевы дзяцей, ускліка́ючых да Цябе: // благаславёны Ты, Які прыходзіш Адама заклíкаць. 

Задастойнік свята Уваходу Гасподняга
ў Іерусалім

па-царкоўнаславянску

Бог Госпо́дь, и яви́ся нам, соста́вите пра́здник, и веселя́щеся прииди́те, возвели́чим Христа́, с ва́иами и ве́твьми зову́ще: благослове́н Гряды́й во и́мя Го́спода Спа́са на́шего.

па-беларуску

Бог Гасподзь і з’явіўся нам, збяры́це свята і з весяло́сцю прыйдзíце, узвялíчым Хрыста, з ва́іямі і галінкамі, усклікаючы ў песнях: Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя́ Госпада, Спасіцеля нашага.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Игара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын 

Дата выпуску: 5 красавіка 2015 г.