Міхайлаўскі лісток (07.04.2015)

Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы

ДАБРАВЕШЧАННЕ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

7  красавіка  (25 сакавіка)  Царква  адзначае Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы.

Гэтае двунадзесятае свята хрысціянскага календара было прызначана ў гонар з’яўлення Архангела Гаўрыіла Прасвятой Дзеве Марыі і адзначаецца дакладна за 9 месяцаў ад Раства Хрыстовага. Мяркуецца, што свята Дабравешчання было заснавана апосталамі. Яго сталі святкаваць з ІV стагоддзя ў Канстанцінопалі. Пачынаючы з ранняй хрысціянскай Царквы падзея Дабравешчання разглядалася як першы акт выканання Богам Сваіх абяцанняў аб Хрысце.

Дабравешчанне значыць добрая, радасная вестка. У 6-й месяц пасля з'явы Архангела Гаўрыіла Захарыі, той жа Архангел быў пасланы ад Бога да Прасвятой Дзевы Марыі. Анёл з'явіўся ў дом праведнага Язэпа, калі Марыя чытала Святое Пісанне, і абвясціў ёй, што яна народзіць Сына, які будзе вялікі і назавецца Сынам Усявышняга. Марыя ў здзіўленні спытала Анёла: "як гэта будзе, калі Я мужа не ведаю?" Анёл адказаў Ёй: "Дух Святы сыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Святое назавецца Сынам Божым". Тады Марыя cказала: "Я раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго". І Архангел Гаўрыіл адышоў ад Яе (Лукі 1:26-38).

У дадатак можна сказаць, што Бог і раней праз прарока Данііла ўжо згадваў пра Хрыста: «І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленне маё перад Госпадам Богам маім за святую гару майго Бога; калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога я бачыў перш ў бачанні, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: “Данііле! цяпер я прыйшоў, каб навучыць цябе ў разуменні. На пачатку малення твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясціць яго табе, бо ты муж жаданняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей бачанне. Семдзесят тыдняў вызначана для народа твайго і святога горада твайго, каб пакрыта было злачынства, скончыліся грахі і былі загладжаныя беззаконні, і каб прыведзена была праўда вечная, і спраўдзіліся ўява і прароцтвы, і памазаны быў Святы святых. Дык вось, ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Уладыкі сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і сцены, але ў цяжкія часы. І па заканчэнні шасцідзесяці двух тыдняў, аддадзены будзе смерці Хрыстос, і не будзе; а горад і святыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэнні. І зацвердзіць запавет многім у адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэнне, і на крыле святыні будзе гідота запусцення, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не абрынецца на спусташальніка”» (Дан. 9:20-27).

Больш за тое, праз прарока Міхея Бог папярэдзіў нават пра месца, дзе трэба было нарадзіцца Ісусу Хрысту: «І ты, Віфлеем-Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? З цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжанне з пачатку, ад дзён вечных» (Міхея 5:2).

Так, свята Дабравешчання, калі Анёл Гасподні данёс гэтую добрую вестку Марыі аб нараджэнні Свайго Сына Ісуса, ёсць значная падзея ў жыцці хрысціянскай Царквы і адзначаецца святочнымі Набажэнствамі ў Цэрквах, якія вызнаюць Ісуса Хрыста, як Адзінароднага Сына Божага, Збавіцеля, хто праліў Сваю Святую Кроў за нашы грахі. І цяпер кожны, хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае, а той, хто не верыць у Сына, не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім (Іаанна 3:36).

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Днесь спасе́ния на́шего глави́зна, / и е́же от ве́ка та́инства явле́ние: / Сын Бо́жий, Сын Де́вы быва́ет, / и Гаврии́л благода́ть благовеству́ет. / Те́мже и мы с ним Богоро́дице возопии́м: / ра́дуйся, Благода́тная, // Господь с Тобою.

па-беларуску

Cёння пачатак нашага збаўлення / і адвечнай тайны яўле́нне: / Сын Божы Сынам Дзевы становіцца / í Гаўрыіл благадаць дабраве́сціць. / Таму і мы з ім усклікнем да Багародзіцы: / радуйся, Благадатная, // Гасподзь з Табою.

Кандак, спеў 8

па-царкоўнаславянску

Взбра́нной Воево́де победи́тельная, я́ко изба́вльшеся от злых, благода́рственная воспису́ем Ти раби́ Твои, Богородице; но я́ко иму́щая держа́ву непобеди́мую, от вся́ких нас бед свободи́ да зове́м Ти: ра́дуйся, Неве́сто Неневе́стная.

па-беларуску

Табе́, найвышэ́йшай Ваяво́дзе, у го́нар перамо́гі мы, зба́ўленыя ад бед рабы́ Твае́, Багаро́дзіца, падзя́ку ўзно́сім; Ты ж, ма́ючы моц неперамо́жную, ад уся́кіх нас бед вызваля́й, каб мы ўскліка́лі да Цябе́: ра́дуйся, Няве́ста, Яка́я застала́ся Дзе́ваю.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Игара Галакава

Падрыхтавала Вера Слямнёва

Дата выпуску: 7 красавіка 2015 г.