Міхайлаўскі лісток (12.04.2015)

ПАСХА

ПАСХАХрыстос Уваскрос, дарагія браты і сёстры!

Хрыстос Уваскрос! Ва ўсіх праваслаўных вернікаў гэтае простае пасхальнае прывітанне-дабравесце з'яўляецца знакам надзвычайнай радасці.
У старыя часы людзі віталі адзін аднога гэтымі словамі ў моманты асабліва светлых здарэнняў нават тады, калі яны не прыпадалі на пасхальныя ўрачыстасці. І гэта нездарма, бо любая радасць для хрысціяніна спалучана з Уваскрасеннем Госпада. Аднак часам словы "Хрыстос Уваскрос!" робяцца для нас занадта звыклымі і фармальнымі.
У 1920-я гады быў такі выпадак. У тыя часы ганенні на царкву ў Савецкім Саюзе яшчэ былі эпізадычнымі і паміж атэістамі ды вернікамі ўладкоўваліся публічныя дыспуты. На адзін з такіх дыспутаў, які адбываўся перад аўдыторыяй рабочых і інтэлігенцыі, былі запрошаныя прафесар-атэіст і святар. Бязбожнік спрабаваў даказаць, што ўваскрасенне Хрыста – гэта выдумка. Калі ён скончыў сваё выступленне, на кафедру выйшаў святар і ўрачыста абвясціў: "Хрыстос Уваскрос, таварышы!" На гэта ўсе прысутныя, уключаючы нават прафесара-атэіста па інэрцыі адказалі "Сапраўды ўваскрос!" "Гэта і патрабавалася даказаць!" – заключыў святар свой кароткі выступ і з пераможным выглядам пакінуў кафедру.

Гэты выпадак, канешне, хутчэй забаўны. Але для нас, як для хрысціянаў, вельмі важна каб вітанне "Хрыстос Уваскрос!" гучала ў нашых вуснах не проста механічна, а заўсёды несла сэнс высокага дабравесця, і каб мы самі заўсёды разумелі сэнс гэтага дабравесця. Для таго, каб насамрэч звацца хрысціянамі, неабходна, каб мы не проста ведалі царкоўнае вучэнне аб уваскрасенні, не проста святкавалі Вялікдзень, а сапраўды мелі веру ў светлае Уваскрасенне Хрыста.

А што такое вера? Вера гэта тое, што вызначае нашае жыццё, нашыя паводзіны, нашыя ўчынкі, нашыя спадзяванні і нашае самаадчуванне. Як і ў што чалавек верыць, так ён і жыве. А якога жыцця патрабуе ад нас вера ва ўваскрасенне Хрыста, што прынёс нам гэты найвялікшы цуд Гасподні? Уваскрасенне Хрыста прынесла нам дараванне. У ім прабачэнне нашых беззаконняў, адпушчэнне нашай віны, вызваленне ад пакутаў. Нашыя памылкі і свядомыя грахі прывялі Госпада на Крыж. Сваімі ўчынкамі мы зноў і зноў распіналі праўду. Тысячы людзей на працягу тысяч год удзельнічалі ў гэтым распяцці. І ўсе правіны ды пакуты свету адкупленыя Смерцю Госпада.

Але якая б была трагедыя, калі б гэтай Смерцю усё б і скончылася, калі б Гасподзь назаўсёды пакінуў наш свет, калі б праўда праз крыж выйшла б прэч з нашай рэальнасці і не вярнулася б назад. Якая невымоўна віна ляжала б на ўсіх нас, на ўсім чалавецтве? Але Хрыстос Уваскрос! І гэтым уваскрасеннем Ён прынёс нам дараванне ўсіх тых справаў, якія прывялі Яго на Крыж. Ён прынёс нам адпушчэнне нашай невымоўнай віны. Ён прынёс нам магчымасць уваскрасення і вечнага жыцця...

Які ж ёсць чалавек, які не толькі прызнае ўваскрасенне Хрыста, не толькі дэкларуе гэтае ўваскрасенне, а сапраўды ўсёй душой у яго верыць? Ён разумее, што смерць – гэта вораг, таму не жадае яе ні сабе ні іншым. А з іншага боку, ён разумее, што гэты вораг ужо пераможаны, таму не баіцца смерці, бо верыць, што Хрыстос уваскрасіць сваіх верных у апошні дзень. Такі чалавек разумее, што праўда на самым высокім узроўні перамагла хлусню, таму імкнецца жыць па праўдзе, а не па хлусні. Такі чалавек разумее, што Святло Хрыста свеціць і ў цемры, і цемра не здолела агарнуць Яго. Святло – сімвал радасці й асалоды, цемра – сімвал пакуты. І вось радасць перамагла ўсе пакуты.

Прыклад навамучанікаў і многіх людзей добрай волі паказвае нам, што іх вера дапамагла ім захоўваць пасхальную радасць нават у самай бездані чалавечага гора – у часы ганенняў, у савецкіх ды нацысцкіх канцлагерах, сярод голада і разбурэнняў. Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста мы ведаем, што смерць лютуе, але не перамагае, пакуты могуць быць працяглымі, але і яны не вечныя, бо на самым высокім узроўні пакуты завяршаюцца радасцю, пасхальнай радасцю Хрыста.

Будзем жа прасіць Госпада іменем Ісуса Хрыста, каб Ён умацаваў у нас гэтую сапраўдную веру ў Праўдзівую Пасху, каб Ён напоўніў нас гэтай непараможнай радасцю.

Хрыстос Уваскрос!

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 5

па-царкоўнаславянску

Христо́с воскре́се из ме́ртвых, / сме́ртию смерть попра́в/ и су́щим во гробе́х жи́вот дарова́в.

па-беларуску

Хрыстос уваскрэс з мёртвых, / смерцю смерць зваяваў,/ і тым, што ў магілах, жыццё дараваў.

Кандак, спеў 8

па-царкоўнаславянску

Аще и во гро́б снизше́л еси́, Безсме́ртне,/ но а́дову разруши́л еси́ си́лу, / и воскре́сл еси́, я́ко Победи́тель, Христе́ Бо́же, / жена́м мироно́сицам веща́вый: ра́дуйтеся, / и Твои́м Апо́столом ми́р да́руяй,// па́дшим подая́й воскресе́ние.

па-беларуску

Хоць і сышоў Ты ў магілу, Несмяротны, / але знішчыў Ты сілу пекла, / і ўваскрэс, як Пераможца, Хрысце Божа,/ жанчынам міраносіцам абвясціўшы: Радуйцеся! / і Сваім апосталам мір до́рачы, // і тым, што па́лі, даючы́ уваскрасенне.

Задастойнік

па-царкоўнаславянску

Ангел вопия́ше Благода́тней:/ Чи́стая Де́во, ра́дуйся,/ и па́ки реку́: ра́дуйся!/ Твой Сын воскре́се / тридне́вен от гро́ба / и ме́ртвыя воздви́гнувый,/ лю́дие, весели́теся.

Свети́ся, свети́ся,/ но́вый Иерусали́ме,/ сла́ва бо Госпо́дня на Тебе́ возсия́./ Лику́й ны́не и весели́ся Сио́не./ Ты же, Чи́стая, красу́йся, Богоро́дице,/ о возста́нии Рождества́ Твоего́.

па-беларуску

Ангел ускліка́ў да Благада́тнай: / Чыстая Дзева, ра́дуйся!/ І зноў кажу: ра́дуйся, / Твой Сын уваскрэс / на трэці дзень з гробу, / і мёртвых ўзня́ў Ён, / людзі, весяліцеся. 

Свяціся, свяціся, / но́вы Іерусаліме, / сла́ва бо Гаспо́дняя на табе заззя́ла. / Лікуй сёння і весяліся, Сіоне./ Ты ж, Чы́стая, радуйся, Багародзіца, / аб Уваскрасе́нні Наро́джанага Табой.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Игара Галакава

Укладальнік Алесь Спіцын

Дата выпуску: 12 красавіка 2015 г