Міхайлаўскі лісток (18.05.2015)

Чытанне пра сляпога (Яна 9:1-38)

Пра сляпога

Дарагія браты і сёстры!

Хрыстос Уваскрос!

Мы з вамі, як і ўся Праваслаўная Царква, працягваем святкаваць Пасху Уваскрасення Гасподняга, Пасху верных – найвялікшую ўрачыстасць усяго гадавога кола хрысціянскага календара.

Працягваюцца і велікодныя настаўленні, якія мы, згодна са звычаем, атрымліваем з чытання Евангелля паводле Яна. Традыцыя чытаць, пачынаючы з Вялікадня, менавіта гэтае з чатырох Дабравесцяў зыходзіць каранямі ў сівую даўніну, калі хрышчэнне новых супольнікаў царквы адбывалася на Пасху (у Вялікую суботу), а напрацягу наступных сарака дзён неафіты навучаліся разуменню таемстваў і дагматаў царквы, атрымлівалі містагогію ці тайнаводства (да нас дайшлі містагагічныя тэксты святых Максіма Вызнаўцы, Амвросія Медыяланскага ды іншых айцоў).

Як раз Евангелле паводле Яна і ўтрымлівае больш за ўсё містычных і дагматычных ведаў, тады як першыя тры Евангеллі (так званыя сінаптычныя) – паводле Мацвея, Марка і Лукі – нясуць пераважна маральна-этычнае вучэнне. Таму сінаптычныя Евангелллі больш рупліва вывучаюцца пад час Вялікага посту, а Янава Дабравесце у Пасхальны перыяд.

Так, сёння мы з Вамі чытаем эпізод ацалення слепанароджанага. Гасподзь наш Ісус Хрыстос бярэ сваю сліну, змешвае з пылам зямлі, перад позіркамі шматлікіх людзей надае вочы чалавеку, які не меў іх ад нараджэння. Гэты цуд стаіць асабняком ад іншых ацаленняў, зробленых Госпадам нашым Ісусам пад час Свайго зямнога жыцця: ацаленне народжанага сляпым было вядома ад прарокаў як прыкмета прыхода Месіі (то бок Хрыста). Толькі Месія можа ацаліць народжанага сляпым, таму што ў яго няма вачэй і іх трэба стварыць наноў – фактычна ажыццявіць Боскае дзеянне.

Такім чынам, ацаленне сляпога прачытваецца ўсімі як знак прыходу Месіі. І менавіта з гэтай прычыны выклікае такую вострую дыскусію сярод фарысеяў – рупліўцаў Закону. Адны з іх настойваюць на неабходнасці верыць нябеснаму знаку, а іншыя адмаўляюць сам гэты знак, бо не хочуць прызнаваць Ісуса за Хрыста. То яны сумняюцца ў тым, што слепанароджаны не махляр, то выказваюць фармальную прэтэнзію, што Ісус зрабіў мазь са сліны і пылу ў суботу. Гэтае дзеянне лічылася падабенствам паліву і аранню – сельскагаспадарчым маніпуляцыям, забароненым у суботу.

Але чаму многія законнікі ўпадаюць у такое глыбока адмаўленне відавочнага цуда? Чаму яны не могуць прыняць, што Той Самы Месія, Якога яны самі так доўга чакалі, ужо прыйшоў? Безумоўна, такія пытанні турбуюць нас, калі мы чытаем Евангеллле...

Давайце паспрабуем задаць іх самім сабе. Мы ж таксама чакаем Хрыста, жадаем, каб Ён заўсёды прысутнічаў у нашым штодзённым жыцці, а таксама спадзяемся на Яго новае Прышэсце, уваскрасенне памерлых і жыццё будучага веку.

Жадаем? Спадзяемся? Прынамсі мы вызнаем, што гэта так, штодня чытаючы наш хрысціянскі Сімвал веры. Аднак ці сапраўды мы гатовыя да таго, што Хрыстос зойдзе ў нашыя дзверы – дзверы нашага дома ці нашага сэрца – менавіта зараз. Ён прыйдзе і парушыць наш звыклы лад жыцця, пераменіць увесь парадак рэчаў.

Чалавек можа быць шчаслівы, альбо не вельмі шчаслівы, або нават зусім нешчаслівы, аднак ён схільны звыкацца і пачуваць сябе адносна камфортна ў тым, што атачае яго з дня ў дзень. Нават вязні турмаў і канцэнтрацыйных лагераў з жахам адзначалі, што ім некаторы час пасля вызвалення хацелася вярнуцца ў гэтае пекла чалавечых пакутаў – звыклае пекла са строгім і пэўным распарадкам жыцця. Гатоўнасць аддаць перавагу звыкламу пеклу перад невядомым, незнаным раем – гэта адна са слабасцяў паўшай чалавечай прыроды.

Гэтак і мы, ідучы шляхамі гэтага свету, часта бываем не гатовымі да таго, каб Хрыстос перамяніў якасць нашага быцця менавіта цяпер,  рэвалюцыйна, з усёй рашучасцю і неадступнасцю. Мы часта хочам цноты, але не зараз, праведнасці, але не зараз, жыцця па веры, але не зараз, Валадарства Божага, але не зараз. Не зараз, а калі-небудзь. Можа быць, пасля смерці? Чалавеку так уласціва адкладаць перамены на потым.

У прачытаным намі Евангельскім эпізодзе мы назіраем не проста рэакцыю розных людзей на цуд ацалення, мы назіраем рэакцыю людзей на прыход Хрыста ў іх жыццё. І вось адны адмаўляюць сам гэты прыход, бо, маўляў, мы ведаем, што “чалавек той грэшнік” (так кажуць некаторыя з фарысеяў). Іншыя не адмаўляюць, што Ісус ёсць Хрыстос, але і вызнаць гэта баяцца, каб не быць асуджанымі сваім атачэннем, не “быць адлуча-нымі ад сінагогі” (гэтак робяць бацькі сляпога). І толькі адзін з дзясяткаў людзей, якія дзейнічаюць у дадзеным эпізодзе, – сам ацалёны слепа-народжаны – смела сведчыць пра свайго Збаўцу.

Канешне, можна сказаць, што ён найперш атрымаў ад Хрыста самы вялікі падарунак – ацаленне. Але не ўсё так проста. О, колькі людзей аддаюць перавагу таму, каб заставацца сляпымі і атрымліваць свае штодзённыя (хай невялікія) падачкі! Для гэтага непатрэбна ані веры, ані адвагі, ані разумення. Мала атрымаць ацаленне, трэба яшчэ умець яго прыняць. Вось дзе патрабуецца сапраўдная мужнасць і сапраўдная вернасць атрыманаму дарунку і Таму, Хто яго падараваў!

Пастараемся ў нашым жыцці быць гэткімі ж рашучымі, як ацалёны слепанароджаны, прымем непахіснае рашэнне паследаваць за Хрыстом-Ацаліцелем. І Ён Сам абавязкова адкрые нам, што гэта значыць непасрэдна ў нашым жыцці, выкананне якой місіі Гасподзь чакае ад нас асабіста.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Игара Галакава

Укладальнік Алесь Спіцын

Дата выпуску: 17 траўня 2015 г.