Міхайлаўскі лісток (21.05.2015)

Свята Узнясення Гасподняга

СВЯТА УЗНЯСЕННЯ ГАСПОДНЯГА

Свята Узнясення Гасподняга – адно з вялікіх дванадзясятых святаў – адзначаецца ў саракавы дзень пасля Уваскрасення Iсуса Хрыста, у чацвер шостага тыдня па Вялiкаднi.

Вярнуўшыся з Галiлеi ў Ерусалiм, апосталы i вучнi Хрыстовы сабралiся ў гэты дзень у адным пакоі. Iсус Хрыстос явiўся iм, паведамiў аб хуткiм сашэсцi на iх Святога Духа i заклікаў да сусветнай пропаведзі Евангелля«І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерусалім з вялікаю радасцю» (Лукі  24:50-52).

Назва гэтага свята паказвае сутнасць падзеі – гэта Узнясенне на Неба Госпада нашага Ісуса Хрыста, завяршэнне Яго зямнога служэння. У саракавы дзень пасля Уваскрэсення, як бы пасля новага нараджэння, Ісус Хрыстос павінен быў увайсці ў нябесны храм Свайго Айца як Збаўца чалавецтва.

Пасля Уваскрасення Госпада Ягоныя вучні бесперапынна жылі адчуваннем свята. На працягу яшчэ сарака дзён Ён многа разоў з'яўляўся жанчынам-міраносіцам і сваім вучням-апосталам. І кожны раз пры такіх з'яўленнях Гасподзь размаўляў са сваімі вучнямі, працягваючы прасвятляць іх і ўмацоўваць у веры.

Апосталы Хрыстовы і святыя айцы вучаць нас, што Гасподзь узышоў на Неба і сеў на адным прастоле з Айцом Нябесным, не пакінуўшы сваёй чалавечай прыроды. Гэтаксама, нарадзіўшыся Чалавекам на зямлі, Ён не пакідаў Сваёй Бажэственнай прыроды. Па тлумачэнні Афанасія Вялікага, Узнясенне Збаўцы азначае абагаўленне
(грэч. θεοποιεῖσθαι) Яго чалавечай прыроды, якая робіцца нябачнай для цялеснага позірку.

Пасля абагаўленьня чалавечай прыроды і яе праслаўлення ў Айца Нябеснага чалавечая прырода атрымала магчымасць прыняцця Духа Святога, магчымасць мець сталыя зносіны з Богам у тым асяроддзі, якое мы называем Царквой.

Здавалася б, Узнясенне – свята расстання Хрыста з вучнямі. Гасподзь і Настаўнік пакідае зямлю і ўзносіцца на неба, але ў той жа час вучні, якія яго праводзілі, вяртаюцца ў Ерусалім, як апавядае святы апостал і евангеліст Лука, "з вялікай радасцю". Яны радуюцца за свайго Госпада і Настаўніка, бо ведаюць, што Ён вяртаецца ў тую славу, якая Яму належыць. Радуюцца і за сябе, і за ўвесь род чалавечы.

Узнясенне завяршае збаўленне. Мы разумеем збаўленне як абагаўленьне чалавека, як магчымасць цалкам іншага існавання. Узнёсшыся на неба, Хрыстос-Збаўца не пакінуў зямлю сваёй прысутнасцю. Сваім Узнясеннем ён выканаў боскую волю і тых, хто на зямлі, аб'яднаў з тымі, хто на небе. Гэтае свята – праяўленне надзеі на тое, што адгэтуль усім людзям, якія вераць у Хрыста, адкрыты шлях на неба, куды Хрыстос першым узнёс збаўленую і адноўленую чалавечую прыроду.

Ва ўзыходжанні, узнясенні ў вышыню заключаецца глыбокі сэнс. Куды ўзнёсся Гасподзь? Не проста ў неба, а ў тое Царства, якое "ўнутры нас ёсць". Усім нам належыць узнесціся над мітуснёю, над жыццёвымі клопатамі, пераступіць праз свой чалавечы страх аб заўтрашнім дні, які прымушае ўгрызацца ў жыццё і думаць толькі аб хлебе надзёным. Гасподзь гаворыць нам: «Шукайце перш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё прыкладзецца вам» (Мацвея 66:33-34). Чалавек на зямлі ўсяго толькі госць, вандроўнік, які здзяйсняе свой "крыжовы ход" у вечнасць. А Гасподзь Сваім Узнясеннем указвае яму шлях узыходжання да неба, да вечнага жыцця.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Возне́слся еси́ во сла́ве, Христе́ Бо́же наш, / ра́дость сотвори́вый ученико́м / обетова́нием Свята́го Духа,/ извеще́нным им бы́вшим благослове́нием, // яко Ты еси́ Сын Бо́жий, Изба́витель ми́ра.

па-беларуску

Узнёсся Ты ў славе, Хрысце Божа наш, / радасць прынёсшы вучням / абяцаннем Святога Духа, / пасля ўмацавання іх Тваім благаславеннем, // што Ты  – Сын Божы, Збавіцель свету.

 

Кандак, спеў 6

па-царкоўнаславянску

Еже о нас испо́лнив смотре́ние, /
и я́же на земли́ соедини́в небе́сным, / возне́слся еси́ во сла́ве, Христе́ Бо́же наш, / ника́коже отлуча́яся, но пребыва́я неотступный, / и вопия́ любящим Тя: // Аз есмь с ва́ми, и никто́же на вы.

па-беларуску

Выканаўшы справу нашага збаўлення, / і зямное злучыўшы
з нябесным, / узнёсся Ты ў славе, Хрысце Божа наш, / ніколі не адлуча́ючыся, а застаючы́ся неадступна, / і абвяшчаючы тым, што любяць Цябе: // Я з вамі, і ніхто – супраць вас!

 

Задастойнік

па-царкоўнаславянску

Велича́й, душе́ моя, возне́сшагося от земли́ на не́бо Христа́ Жизнода́вца.

Тя па́че ума́ и словесе́ Ма́терь Бо́жию, в ле́то Безле́тнаго неизрече́нно ро́ждшую, ве́рнии единомудренно велича́ем.

 

па-беларуску

Велічай, душа мая, Хрыста-Жыццядаўца, Які ўзнёсся з зямлі на неба.

Цябе, Якая неспасціжна для розуму і невы́казана ў слове стала Маці Божаю, і невымоўна ў часе нарадзіла Вечнага, мы, верныя, аднадушна велічаем.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтавала Вера Слямнёва

Дата выпуску: 21 траўня 2015 г.