Міхайлаўскі лісток (31.05.2015)

Свята Троіцы

ПяцідзесятніцаТроіца

Дарагія браты і сёстры!

Яшчэ зусім нядаўна мы святкавалі Узнясенне Хрыстова. Яшчэ зусім нядаўна гучалі дзеля нас словы Любаснага Госпада: "Вось Я з вамі да сканчэння вякоў" (Мацвея 28:20). І вось цяпер мы святкуем новае свята і ўзгадваем не менш важную з'яву – зыходжанне Святога Духа. Ісус абяцаў нам новага Суцяшальніка – Духа Праўды – і вось Ён заўсёды прысутны ў царкве, то бок зборы вернікаў, з таго самага моманту, які апісаны ў Дзеях апосталаў (Дзеі 2:4).

На пяцідзесяты дзень пасля Уваскрасення Хрыста Бог спаслаў Духа Святога на апосталаў і на ўсю царкву. Гэты ж дарунак перадаецца і кожнаму хрысціяніну ў таемстве мірапамазання. А плод Духа выражаецца ва ўсялякай дабрыні, праведнасці і ісціне (Да Эфесян 5:9).

Але калі Бог заўсёды прысутнічае з намі, то нам варта задаць сабе пытанне, а чаму мы не заўсёды адчуваем Яго прысутнасць у нашым жыцці? Чаму мы, хрысціяне, супольнікі народу Божага, бываем гэткімі ж няшчаснымі і непрыкаянымі, як і людзі гэтага свету, быццам не было ніводнай з тых падзеяў, якія мы святкуем? Быццам не адкупіў нас Хрыстос Сваёй смерцю і ўваскрасеннем, быццам не сышоў на нас Святы Дух, быццам не хрысціліся мы і не атрымалі дарункі Духа ў мірапамазанні?

Бог надзвычай блізкі да кожнага з нас, Ён заўжды застаецца з намі. Пытанне толькі ў тым, ці застаемся мы з Богам, ці давяраем мы Яму сваё жыццё – свае клопаты і перажыванні, свае справы, турботы і радасці? Там дзе Бог, там Божае Валадарства – вечнае шчасце і збавенне. Але чаму так часта жыццё людзей непадобнае да Божага Валадарства. Дзе гэтае збавенне? І дзе гэтае шчасце?

Аднойчы на вячэры, на якой прысутнічаў Гасподзь наш Ісус Хрыстос, нейкі чалавек уздыхнуў: "Шчаслівы той, хто паесць хлеба ў Валадарстве Божым!" (Лукі 14:15). У адказ на гэта Ісус распавёў прыпавесць пра тое, як нейкі гаспадар уладкаваў святочную бяседу, але ніхто з пакліканых не прыйшоў па прычыне розных "вельмі важкіх" справаў (Лукі 14).

Сэнс гэтай прыпавесці ў тым, што шчасце Божага Валадарства тут, побач, але вы не заўважаеце яго. Не заўважаеце, бо занятыя розымі справамі ("валамі", "палямі", "сямейнымі клопатамі"), праз якія імкнецеся дасягнуць поспеху.

Тады можа быць гэтыя справы ёсць зло і грэх? Не, ніводная з гэтых справаў не ёсць злом ці грахом, а наадварот, выкананне Божых запаведзяў. Зло і грэх заключаецца ў тым, што мы часта пачынаем спадзявацца на гэтыя справы больш, чым на Бога, быццам хочам сказаць: "мая, а не Божая рука зробіць мяне шчаслівым". І вось тады мы патрапляем у рабства да гэтага свету, нібыта вяртаючыся ў той самы духоўны Егіпет (краіну няволі), у які Гасподзь забараніў нам вяртацца.

Мы, на жаль, часам думаем, што "вось я ажанюся і будзе мне шчасце", але без Бога сям'я часта становіцца цямніцай і чалавек патрапляе ў пастку бясконцых турботаў; "вось я разбагацею і буду радавацца", але клопаты аб маёмасці з'ядаюць час і сілы, адымаючы нават саму здольнасць да высокага суцяшэння. А ўвесь гэты час Бог поруч стаіць, грукае ў дзверы нашага сэрца і кажа: "Не прыйдзе Валадарства Божае прыкметным чынам. Яно ёсць унутры вас. Прыйдзіце да Мяне ўсе напружаныя і абцяжараныя і Я супакою Вас. Ці ёсць сярод вас бацька, які дасць свайму сыну камень замест хлеба. Так і Я дам Духа тым, хто папросіць у мяне".

І вось, хрысціянін-чалавек, тваё шчасце так блізка, трэба толькі працягнуць руку, толькі сказаць слова, толькі раскрыць сэрца і будзе "цела тваё светлым і не будзе мець ніводнай цёмнай часткі". Светлым ад святла асалоды і шчасця. Але адкуль у нас цёмныя часткі? Гэта тыя ўчасткі нашай душы і тыя аспекты нашага жыцця, якія мы не адкрылі, не даверылі Богу, дзе мы працягваем спадзявацца толькі на "сваю руку, сваіх валоў, сваю зямлю".

Апостал кажа, што "Валадарства Божае – не ежа і пітво, але справядлівасць, мір ды радасць у Духу Святым" (Да Рымлян 14:17). 

І толькі ў гэтым міры і радасці набываюць сэнс і ежа, і пітво, і валы, і зямля, і сужэнства, і грамадзянства, і іншыя добрыя рэчы. Але чаму часам Бог падаецца нам не такім ужо й Добрым (хаця ад навучання мы ведаем, што Ён – Добры), чаму нам падаецца, што Ён не адказвае на нашыя малітвы і, наогул, ставіцца да нас неяк не так, як нам бы хацелася?

Вельмі часта справа бывае у тым, што мы не можам даверыць Яму свае жыццёвыя рэчы да канца. Нам дадзеныя ад Бога дарункі – адпушчэнне грахоў, здольнасці, маёмасць, у рэшце рэшт... А мы баімся пусціць гэтую міну ў абарот, каб яна прынесла Богу яшчэ адну міну. Мы робімся сквапнымі да ўсяго, што мы маем: будзь гэта матэрыяльным ці разумовым. Прабачаныя – не прабачаем, навучаныя – не навучаем, маючы маёмасць, пачынаем спадзявацца на яе і прыляпляемся да яе сэрцам. І тады Бог падаецца нам жорсткім, які жне, дзе не сеяў, і збірае, дзе не рассыпаў.

Але насамрэч, трэба проста пусціць сваю міну ў абарот, даверыўшыся Богу, а не мінаючым рэчам гэтага свету. І тады мы сапраўды даведаемся, што "не мераю дае Бог Духа" (Яна 3:34).

І так, Ён – Дух Божы – з намі! Шчасце блізка – трэба толькі працягнуць руку!

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Укладальнік Алесь Спіцын

Дата выпуску: 31 траўня 2015 г.