Міхайлаўскі лісток (12.07.2015)

Абраз святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла

Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

Дарагія браты і сёстры!

У гэтую святую нядзелю нам з Вамі прыпала адзначыць <strong>слаўны дзень памяці першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла</strong>. Гэтае свята ў праваслаўным календары належыць да групы вялікіх і <strong>вянчае сабою шматдзённы апостальскі пост</strong>.

Мы з вамі добра ведаем, што апостал Сімон, названы пазней Кіфам ці Пятром (што значыць "скала" ці "валун"), суправаджаў нашага Госпада Ісуса ў Ягоных зямных вандраваннях ад самага пачатку служэння Хрыста як Настаўніка. Таксама многія эпізоды Евангелля і кнігі Дзеяў апостальскіх дазваляюць нам з высокай верагоднасцю сцвярджаць, што Пётр быў старэйшым з апосталаў як па ўзросце, так і па служэнні. Яго мы бачым прамоўцам на апостальскіх сходах, ён абвяшчае керыгму (гр. κήρυγμαпропаведзь) ад імя ўсёй Царквы на дзень Пяцідзесятніцы. Такім чынам, перша-вярхоўнасць Пятра не выклікае ніякіх пярэчанняў.

Аднак узнікае пытанне, чаму ж другім першавярхоўным названы Павел, які нават не ўваходзіць у суполку дванаццаці апосталаў? Чаму скажам, не Якуб, што быў старэйшынай Іерусалімскай царквы, ці не Фама, які наведаў з пропаведдзю юдэйскія супольнасці ў велізарнай колькасці гарадоў, ці не Андрэй, які сярод першых стаў вучнем Хрыста?

Між тым Саўл, названы пазней Паўлам, спярша пераследваў Царкву, як мы ведаем. І толькі потым быў пастаўлены на апостальскае служэнне, і гэтае пастаўленне, як мы бачым з Пісання, не ўсімі прымалася на веру. Аднак і яго мы завем не проста апосталам, а першавярхоўным апосталам. Чаму так?

Таму што святы Павел ёсць тым чалавекам, які арганізаваў місію не толькі сярод юдэяў, а і сярод іншых народаў. Таму ён па праву завецца апосталам язычнікаў, тады як Пётр апосталам юдэяў. Еднасць гэтых дзвюх частак Царквы і сімвалізуюць першавярхоўныя апосталы.

Згодна з паданнем, Пётр і Павел загінулі ў адзін і той жа дзень (па іншай версіі ў адну дату, але з розніцай у год) – 29 чэрвеня. Пётр, як просты юдэй, быў распяты на крыжы, а Павел, будучы рымскім грамадзянінам, мог быць забіты толькі мечам.

У сувязі з розніцай стыляў мы адзначаем памяць іх дабра-ахвотнай ахвяры 12 ліпеня.

Свята першавярхоўных апосталаў з'яўляецца адным з най-старажытнейшых у хрысціянскай царкве. Яно вядомае ўжо ў трэцім стагоддзі. У гэты дзень мы ўзгадваем адну з чатырох уласцівасцяў Царквы, азначаную ў Сімвале веры. Гэта – апасталат, які заключаецца не толькі ў тым, што нашая вера грунтуецца на вучэнні апосталаў, але і ў тым, што ўся Царква дасланая Богам у свет, каб сведчыць пра збавенне праз Ісуса Хрыста.

Парупімся ж быць годнымі носьбітамі гэтай уласцівасці!

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Апостолов первопрестольницы/ и вселенныя учителие,/ Владыку всех молите/ мир вселенней даровати// и душам нашим велию милость.

па-беларуску

Першыя сярод апосталаў/ і сусветныя настаўнікі,/ Уладара ўсіх маліце,/ каб Ён дараваў супакой усяму свету/ і душам нашым вялікую міласць.

Кандак, спеў 2

па-царкоўнаславянску

Твердыя и боговещанныя проповедатели,/ верх апостолов Твоих, Господи,/ приял еси в наслаждение благих Твоих и покой:/ болезни бо онех и смерть приял еси паче всякаго всеплодия,// Едине, сведый сердечная.

па-беларуску

Госпадзі, Ты прыняў трывалых і багамоўных прапаведнікаў,/ найвышэйшых апосталаў Тваіх/ у асалоду Тваіх дабротаў і супакой:/ бо пакуты іх і смерць Ты прыняў больш, чым любы багаты плён,// Адзіны, хто ведае, што ў сэрцах.

Узвялічванне

па-царкоўнаславянску

Величаем вас, апостоли Христовы Петре и Павле, / весь мир ученьми своими просветившия / и вся концы / ко Христу приведшия.

па-беларуску

Узвялічваем вас, / Апосталы Хрыстовы Пётр і Павел, / увесь свет вучэннямі сваімі прасвятліўшыя / і ўсе краі зямлі да Хрыста прывёўшыя.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 12 ліпеня 2015 г.