Міхайлаўскі лісток (09.08.2015)

СВ. ПАНЦЕЛЯЙМОН

Памяць Св. Панцеляймона

Святы Панцеляймон нарадзіўся ў знатнай сям'і ў малаазійскім горадзе Нікамідыя (на той час – сталіца усходу Рымскай імперыі) Бацька вельмі хацеў, каб ягоны сын дасягнуў вялікіх поспехаў, і таму назваў яго Панталіён ("леў ва ўсім"). Паходзячы з багатага роду, Панталіён атрымаў бліскучую язычніцкую адукацыю і асвоіў рамяство лекара. Маці ж яго, Евула была хрысціянкай.

Цікаўны юнацкі розум прагнуў разабрацца: якая ж вера праўдзівая? Аднойчы Панталіён, заўважыўшы, як гадзюка ўджаліла маленькага хлопчыка, стаў маліцца Богу-Творцы, просячы Яго ў імя Ісуса Хрыста, каб хлопчык паздаравеў, а гадзюка памерла. У той жа час атрута пакінула цела ўкушанага, і ён устаў на ногі, а гадзюка разляцелася на дробныя кавалкі. Убачыўшы такое сведчанне, Панталіён прымае хрышчэнне ад святога Ермалая-прасвітара.

Стаўшы хрысціянінам, юны лекар пачаў актыўна служыць людзям, ацаляючы хворых малітвай і ўскладаннем рук, бо такі дарунак ён атрымаў ад Бога. За лячэнне ён не браў грошай, што выклікала незадаволенасць у нікамідыйскіх лекараў. "Навошта ты збіваеш нам цану?" – пыталіся яны ў Панталіёна. А ён ім адказваў: "Як жа я магу браць грошы, калі лячу не сваім майстэрствам, але ўсеацаляльная моц мая – Гасподзь Ісус Хрыстос?"

Слава аб маладым лекары распаўсюджвалася, і імператар Максіміян пажадаў бачыць яго пры сваім двары. Але злоснікі данеслі, што Панталіён вызнае забароненую веру. Валадар прызваў да сябе маладога лекара, спадзеючыся, што атрымаў усяго толькі нагавор. Аднак святы юнак адважна вызнаў сябе паслядоўнікам Ісуса Хрыста. Імператар усялякімі спосабамі стаў схіляць Панталіёна выказаць сваю лаяльнасць і прынесці ахвяру ідалам, усё яшчэ жадаючы мець яго за прыдворнага лекара. Тады святы мучанік папрасіў прывесці невылечнага хворага, ад якога б адмовіліся лепшыя імператарскія лекары. У адказ на гэтую просьбу слугі прынеслі на насілках паралітыка. Панталіён памаліўся над ім і ацаліў яго ў імя Ісуса Хрыста на вачах у здзіўленага імператара. Але гэта выклікала ў Максіміяна не захапленне, а гнеў, і ён загадаў затачыць святога ў вязніцу.

Тым часам імператар вырашыў пацешыць жыхароў Нікамідыі гладыятарскімі гульнямі. Адным з "нумароў" было сутыкненне на арэне бяззбройных хрысціянаў з галоднымі ільвамі. Аднак калі раз'ятраныя звяры былі выпушчаныя супраць Панталіёна, яны раптам утаймаваліся і, падыйшоўшы, сталі лізаць ягоныя рукі і міралюбна гуляцца быццам кацяняты.

Раз'юшаныя каты забілі жывёлаў, а Панталіёна аддалі на пакуты. Уночы, калі святы мучанік перабываў у вязніцы, да яго прыйшоў анёл у выглядзе святога Ермалая (на той час ужо забітага). Нябёсны веснік прадказаў хуткі адыход мучаніка да Госпада, і што за сваю дабрыню ён атрымлівае новае імя – імя для Валадарства Божага і будзе звацца цяпер не Панталіён, а Панцеляймон ("ва ўсім міласэрны"). На наступны дзень святы мучанік быў забіты мечам. Паводле малітвы Панцеляймона дрэва, да ягога ён быў прывязаны для пакарання, стала даваць гаючыя плады, і хто іх еў, той ацаляўся ад любой хваробы.

***

Святы Панцеляймон прабыў свядомым хрысціянінам зусім нядоўга. Паволе адных крыніцаў – тры гады, а паводле іншых – меней за год. Але ж ён паспеў зрабіць так многа. Што дапамагло яму? Безумоўна, адвага і рашучасць у наследаванні Хрысту. Пастараемся ж і мы, адкінуўшы страхі, ляноту і самаапраўданні, узіраючыся на прыклад святога Панцеляймона, цвёрда ісці шляхам нашага хрысціянскага паклікання.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 5

па-царкоўнаславянску

Страстотерпче святый и целебниче Пантелеимоне,/ моли Милостиваго Бога,/ да прегрешений оставление// подаст душам нашим.

па-беларуску

Пакутнік святы і лекару Панцеляймоне/, малі Міласэрнага Бога/, каб адпушчэнне саграшэнняў// даў душам нашым.

Кандак, спеў 3

па-царкоўнаславянску

Подражатель сый Милостиваго/ и исцелений благодать от Него прием,/ страстотерпче и мучениче Христа Бога,/ молитвами твоими душевныя наша недуги исцели,/ отгоня присно борца соблазны от вопиющих верно:// спаси ны, Господи.

па-беларуску

Ты наследавальнік Міласэрнага/, і прыняў ад Яго ацаленняў ласку,/ пакутнік і сведка Хрыста Бога,/ малітвамі тваімі душэўныя нашыя хваробы ацалі,/ адганяючы і цяпер спакусы варожыя ад тых, хто ўсклікае верна:// збаў нас, Госпадзе.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 9 жніўня 2015 г.