Міхайлаўскі лісток (14.08.2015)

УРАЧЫСТАЕ ШЭСЦЕ ПАЧЭСНАГА ДРЭВА ГАСПОДНЯГА КРЫЖА

Урачыстае шэсце пачэснага дрэва Гасподняга Крыжа

Свята, якое адзначаецца 1 (14) жніўня па-царкоўнаславянску завецца “Происхождение (изнесение) честных древ Креста Господня”.

У гэты дзень мы ўзгадваем тое, што Гасподзь Ісус Хрыстос" узяў на сябе нашыя немачы і панёс хваробы" (Ісая 53:4). Дзеля ацалення хворага чалавецтва Божы Сын стаў адным з нас (Яна 1:14), пераносіў спакусы (Мацвея 4:1-11), нястачы (Мацвея 8:20), ацаляў хворых (Мацвея 8:16), падтрымліваў немачных (Лукі 7:11-16) і, у рэшце рэшт, аддаў Усяго Сябе, ахвяраваўшы жыццём на крыжы (Яна 19:17-24). Урачыстае шэсце крыжовага дрэва – гэта свята ўдзячнасці Хрысту за пакуты, якія Ён ператрываў за нас, за ацаленні, што мы ад Яго атрымліваем.

Урачыстае шэсце пачэснага крыжовага дрэва як штогадовае свята было ўсталявана ў Канстантынопалі ў ІХ ст. Прычынай сталі шматлікія хваробы, што спасцігалі жыхароў Міжземнамор'я штогод ў жніўні. Для падтрымкі немачных было загадана праносіць па ўсіх вуліцах сталіцы фрагменты Гасподняга Крыжа, якія захоўваліся ў царскай скарбніцы з часоў імператара Канстанціна. Пасля малітоўнага шэсця і шматлікіх багаслужбаў у розных частках горада рэліквіі ўрачыста ўносіліся ў кафедральны сабор Сафіі – Божай Мудрасці, дзе пакідаліся на стальцы, даступныя для сузірання і ўшанавання ўсімі вернікамі да свята Успення Божай Маці. Спачатку звычай урачыстага шэсця выконваўся толькі ў самім Канстантынопалі, але да ХІІІ ст. распаўсюдзіўся па ўсёй праваслаўнай царкве.

У гэты дзень здзяйсняецца багаслужба на ўзор Крыжапаклоннай нядзелі Вялікага посту і свята Уздвіжання Гасподняга Крыжа. Акарамя таго, робіцца малое асвячэнне вады і дабраславенне мёду сёлетняга збору.

Малое асвячэнне вады здзяйсняецца дзеля нагадання вернікам пра іх уласнае хрышчэнне, пра збавенне ў воднай купелі, што стала магчымым дзякуючы перамозе, якую Гасподзь Ісус Хрыстос атрымаў над смерцю праз Свае крыжовыя пакуты і дзівоснае ўваскрасенне. Асвечаная вада служыць нам напамінам пра тыя абеты, якія далі мы ў дзень гэтага таемства (самі, альбо вуснамі хросных бацькоў), бо, па словах апостала Пятра, “хрышчэнне, не змыванне цялеснай нечыстаты, але абяцанне Богу добрага сумлення, збаўляе нас уваскрасеннем Ісуса Хрыста…” (1-е Пятра 3:21).

У гэты дзень у храмы зазвычай прыносяць мёд, бо ў Пісанні сказана: “Начаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада Бога твайго” (Выхад 22:29).

У гэты дзень таксама адзначаеца памяць сямі братоў-мучанікаў Макавеяў. Яны былі пакараныя смерцю ў 166 г. да Р.Х. за адмову прыняць язычніцкія звычаі.

Іудзеі ў тыя часы падпарадкоўваліся царам з дынастыі Селеўкідаў. Гэта самае буйное царства, што ўзнікла пасля падзелу дзяржавы Аляксандра Македонскага: у яго склад на пачатку ІІІ ст. да Р.Х. уваходзілі Сярэдняя Азія, Іран, Месапатамія, Арменія, Сірыя, Палестына, палова Малой Азіі. Кантраляваць такую тэрыторыю было цяжка, і паступова Селеўкіды гублялі землі. Элінізацыя – палітычная, культурная, а таксама рэлігійная – была сродкам інтэграцыі гэтага шматэтнічнага царства.

Не пазбеглі элінізацыі і іудзеі. Антыёх IV Эпіфан усталяваў у Іерусаліме і па ўсёй Іудзее паганскія звычаі: у храме Госпада паставіў статую Зеўса, праводзіў ахвярапрынашэнні, прымушаў іудзеяў да ўдзелу ў паганскіх рытуалах. Шмат хто адыйшоў ад веры.

Але былі і тыя, хто працягваў верыць у прыход Збаўцы. Дзевяностагадовы настаўнік закону Элеазар цвёрда ператрываў пакуты і памёр у Іерусаліме. Гэтак жа мужна паводзілі сябе ягоныя вучні – браты Макавеі і іхная маці Саламонія.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 1

па-царкоўнаславянску

Спаси́, Го́споди, лю́ди Твоя́, / и благослови́ достоя́ние Твое́, /
побе́ды правосла́вным христиа́ном на сопроти́вныя да́руя, //
и Твое́ сохраня́я Кресто́м Твои́м жи́тельство.

па-беларуску

Спасі, Госпадзі, людзей Тваіх, / і благаславі дастаянне Тваё, /
перамогу праваслаўным хрысціянам над супраціўнымі дай //
і Тваім Крыжам ахоўвай жыхарства Тваё.

Кандак, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Вознесы́йся на Крест во́лею, / тезоимени́тому Твоему но́вому жи́тельству /
щедро́ты Твоя́ да́руй, Христе́ Бо́же, / возвесели́ нас си́лою Твое́ю, /
побе́ды дая́ нам на супоста́ты, /
посо́бие иму́щим Твое́, ору́жие ми́ра, / непобеди́мую побе́ду.

па-беларуску

Узня́ты дабравольна на Крыж, / тэзаіменаванаму Твайму новаму жыхарству /
шчодрасці Твае пада́й, Хрысце Божа,/ узрадуй нас сілаю Тваёю,/
перамогі над супраціўнымі даючы́ нам,/ якія маем Тваю дапамогу, як ахаванне міру //
і непераможную перамогу.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Укладальнік: іярэй Аляксандр Шрамко

Дата выпуску: 13 жніўня 2014 г.