Міхайлаўскі лісток (28.08.2015)

ЗАСНЕННЕ БОЖАЙ МАЦІЗасненне Божай Маці

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы, разам з усёй Праваслаўнай царквой, адзначаем памяць Заснення (па-славянску Успенія) Божай Маці І нездарма гэты дзень названы менавіта Засненнем, а не смерцю ці спачынам. Гэтым сцвярджаюцца словы: «А душы праведных у руцэ Божай, і пакута не кранецца іх. У вачах неразумных яны падаваліся мёртвымі, і зыход іх лічыўся за пагібель, і адшэсце ад нас за знішчэнне, але яны перабываюць у міры. Бо, хаця яны ў вачах людзей і пакараныя, але надзея іх поўная несмяроцця. І крыху пакараныя, яны будуць адораны вялікімі дабротамі, таму што Бог выпрабаваў іх і знайшоў іх годнымі Яго» (Прамудрасць Сал. 3:1-5)

У святым Пісанні нічога не сказана пра адыход Дзевы Марыі з зямнога жыцця. Адзін з ранніх гісторыкаў царквы свяціцель Эпіфан Кіпрскі сведчыць, што ў яго час не было пэўных звестак аб гэтым здарэнні. Аднак ён жа спасылаецца на наяўнасць дзвюх версій, паводле адной з якіх Божая Маці спачыла мірна, а паводле другой – прынесла пакутніцкую ахвяру.

За стагоддзі развіцця хрысціянскай літаратуры расповяд аб Засненні Багародзіцы быў ператвораны ў прыгожую прыпавесць, якая адыгрывае хутчэй дыдактычную, навучальную ролю, чым ролю гістарычнага сведчання. Згодна з творамі IV-V стагоддзяў,
а менавіта тады сталі шмат пісаць на гэтую тэму, Найчысцейшая Дзева спачыла мірна ва ўзросце 63-66 год. У дзень яе Заснення ўсе апосталы былі цудоўным чынам перанесеныя ў Іерусалім, каб равітацца з Маці свайго Госпада і слаўнай сваёй спадзвіжніцай.
У момант Яе адыходу ўсе ўбачылі як Ісус, Якога яна люляла калісьці на руках, Сам бярэ яе чыстую душу на далоні, як дзіця.

Працэсія, што несла цела Багародзіцы да пахавальнай пячоры, была ахутана таямнічым воблакам Славы Гасподняй, абараняўшым яе, як некалі народ Ізраільскі. Праціўнік хрысціянства першасвятар Афонія ў раз'ятранасці хацеў перавярнуць насілкі, але рукі ягоныя былі адсечаныя арханёлам, што невідочна следваў за целам Дзевы. Няшчасны, убачыўшы такое знаменне, адразу ж пакаяўся і рукі прыраслі на сваё месца,
а раны загаіліся. З таго часу Афонія стаў вызнаваць сябе хрысціянінам.

Паводле паданння, Найчысцейшую Дзеву паклалі ў адзіную пахавальную пячору з ужо супачылым на той час мужам – Язэпам Абручнікам і бацькамі – Акімам і Ганнай. Але на трэці дзень, калі камень ад труны быў зноўку адвалены, цела там не знайшлося, што было ўспрынята прысутнымі як сведчанне ўваскрасення Багародзіцы і яе ўзыходу на неба. Дарэчы, у заходняй хрысціянскай традыцыі робіцца акцэнт менавіта на небаўзняцці Найсвяцейшай Марыі, а не на яе Засненні. Гэтае паданне адлюстравана, сярод іншага, на гербе сталіцы Беларусі – горада Мінска.

Свята Заснення Божай Маці з'яўляецца своеасаблівай "малой пасхай" і прымушае нас узгадаць трываласць Божага абяцання аб усеагульным уваскрасенні мёртвых і аб радасці, якая чакае праведнікаў.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 1

па-царкоўнаславянску

В рождестве́ де́вство сохрани́ла еси́,/ во успе́нии ми́ра не оста́вила еси́, Богоро́дице,/ преста́вилася еси́ к животу́, Ма́ти су́щи Живота́,/ и моли́твами Твои́ми избавля́еши от сме́рти ду́ши на́ша.

па-беларуску

Нараджаючы, дзявоцтва захава́ла Ты / і па ўспенні свету не пакінула Ты, Багародзіца. / Перайшла да жыцця, бо Ты — Маці Жыцця, // і малітвамі Тваімі збаўляеш ад смерці душы нашы.

Кандак, спеў 2

па-царкоўнаславянску

В моли́твах неусыпа́ющую Богоро́дицу, / и в предста́тельствах непрело́жное упова́ние, / гроб и умерщвле́ние не удержа́ста: / я́коже бо Живота́ Ма́терь, / к животу́ преста́ви, / во утро́бу Всели́выйся присноде́вственную.

па-беларуску

У  малітвах нястомную Багародзіцу / і ў хадайніцтвах нязменную надзею, / гроб і смерць не ўтрымалі, / бо як Маці Жыцця, / да жыцця перасяліў Яе // Той, што ва ўлонне пасяліўся заўждыдзявочае.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода

пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 28 жніўня 2015 г.