Міхайлаўскі лісток (14.10.2014)

СВЯТА ПАКРОВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы

Свята Пакрова Божай Маці адзначаецца 14 (1) кастрычніка.  У нашай  памеснай  царкве  яно ўваходзіць  у спіс вялікіх  святаў.  Пакроў шырока адзначаецца  ў храмах грэцкіх  і  славянскіх  земляў,  тады як  іншыя памесныя цэрквы не маюць яго ў сваім календары.

Першыя храмы, названыя ў гонар Пакрову Божай Маці, з’явіліся ў славянскіх краях у ХІІ  стагоддзі. З тае пары гэтае свята займае пачэснае месца як у народным, так і ў богаслужбовым календары.

Падзея, якую мы ўзгадваем у гэты дзень, адбылася ў Канстантынопалі ў 902 (па іншых дадзеных 910) годзе. Сталіца Візантыі была ў той час у аблозе ворагаў. Традыцыйна  лічыцца,  што  гэта  былі  сарацыны-мусульмане, але некаторыя аўтары дапускаюць, што гэта маглі быць і русы, тады яшчэ не прасветленыя святлом Хрыстовай веры.

Пад час усяночнага трывання Улахернскі храм Божай Маці (Улахерны – мясцовасць на захадзе Канстантынопаля) быў перапоўнены людам, які маліўся за выратаванне ад ворагаў,  што  былі  ўжо  гатовыя  штурмаваць  сцены горада.  Сярод  багамольцаў прысутнічаў  і  юродзівы Андрэй – славянін па паходжанні, прададзены ў рабства аднаму з жыхароў Новага Рыму.

На  службе святы  Андрэй  ды  ягоны  сябар  і  вучань Эпіфан убачылі, як у храм зайшла сама Найчысцейшая Дзева  Марыя.  Яна  доўга са слязьмі малілася разам з царкоўным народам, а потым зайшла ў алтар і малілася там, разам са святарамі. Скончыўшы малітву, яна абярнулася і, зняўшы з галавы покрыва, ахінула ім усіх пры-сутных. Андрэй і Эпіфан бачылі, як гэтае покрыва ззяла над багамольцамі аж пакуль Багародзіца не выйшла з храма.

Гэтае дзівоснае з’яўленне Вечнадзевы Марыі служыць нам напамінам пра тое, што сама Багародзіца і святыя застаюцца ў духоўнай еднасці з зямной царквой, і мы можам папрасіць іх памаліцца і аб нашых штодзённых патрэбах,  і  ў  хвіліну  небяспекі.  Пакроў  Божай  Маці,
з  якога  ззяе Слава Гасподняя  –  гэта сімвал малітвы Багродзіцы за ўвесь хрысціянскі свет.

Можна запытацца: як жа Багародзіца чуе нас? На гэтае пытанне адказвае святы Ян Кранштадскі: чуе, бо едная з намі ў Адзіным Духу Святым. Кажуць, калі Гасподзь хоча камусьці  дапамагчы,  то  дасылае  яму  малітоўніка.
А навошта Яму малітоўнік, калі Ён і Сам хоча дапамагчы?
Проста Бог любіць, каб людзі людзям дапамагалі.

Апошнім  часам  склалася  традыцыя  разам  з Пакровам Багародзіцы святкаваць яшчэ і Дзень маці. Такім чынам, гэтае свята адзначаюць не толькі ў царкве, але і ў свецкім грамадстве. У гэты час віншуюць сваіх мацярок, дораць ім падарункі і дзякуюць за дадзенае праз іх жыццё.

ГАЛОЎНЫЯ СПЕВЫ СВЯТА

Трапар, спеў 4

па-царкоўнаславянску

Днесь благове́рнии лю́дие светло пра́зднуем, / осеня́еми Твоим, Богома́ти, прише́ствием, / и к Твоему взира́юще пречи́стому о́бразу, уми́льно глаго́лем: / покры́й нас честны́м Твоим Покро́вом / и изба́ви нас от всякаго зла, / моля́щи Сына Твоего, Христа́ Бога нашего, // спасти́ ду́ши на́ша. 

па-беларуску

Сёння мы, дабраверныя людзі, радасна святкуем, / ахіну́тыя Тваім, Багамаці, прышэсцем, / і на Твой гле́дзячы прачысты вобраз, замілавана гаворым: / пакрый нас пачэсным Тваім Пакровам / і захавай нас ад усялякага зла, / просячы Сына Твайго, Хрыста, Бога нашага, // каб Ён спас ду́шы нашы.

Кандак, спеў 3

па-царкоўнаславянску

Дева днесь предстои́т в церкви / и с ли́ки святых неви́димо за ны мо́лится Богу, / а́нгели со архиере́и покланя́ются, / апо́столи же со проро́ки ликовству́ют:// нас бо ра́ди мо́лит Богоро́дица Преве́чнаго Бога.

па-беларуску

Дзева сёння стаіць у царкве / і з мноствам святых нябачна за нас моліцца Богу, / ангелы з архіерэямі пакланя́юцца, / апосталы з прарокамі лікуюць: // бо за нас моліць Багародзіца Спрадве́чнага Бога.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З блаславення настаяцеля Свята-Міхайлаўскага прыхода пратаіярэя Ігара Галакава

Падрыхтаваў Алесь Спіцын

Дата выпуску: 13 кастрычніка 201г.