Рабі дабро

(інтэрв’ю са старэйшай прыхажанкай прыхода Аляксандрай Несцераўнай Талмачовай)

Царкоўныя вартаўнікі нашага прыхода добра ведаюць, што самы ранні наведвальнік царвы — Аляксандра Несцераўна Талмачова, яна ж, бадай, і старэйшая з прыхажан, у красавіку адзначыць 87 гадоў. Не гледзячы на тое, што ходзіць на мыліцах, з’яўляецца заўжды за гадзіну да пачатку службы, сядае ў куточку на лавачку пад вобразам Серафіма Сароўскага і паціху перабірае ружанец, засяроджана моліцца. Аляксандра Несцераўна і самы дыстыплінаваны прыхажанін, бо кожны дзень ранкам і вечарам, а калі ні калі і на дзённую літургію — яна заўсёды ў царкве. Нарадзілася ў вёсцы Збышаў, што на Магілёўшчыне, пражыла цяжкае і складанае жыццё, але з дзяцінства ніколі не забывалася пра Бога. Таму я і завітаў у госці, каб распытаць пра жыццё-баццё і, магчыма, чамусьці павучыцца, бо кожнаму з нас неабходна вучыцца жыццю адзін у аднаго, тым больш — вучыцца ў старэйшых.

— Нас жа папалілі ў вайну жывымі душамі, — амаль адразу паведаміла Аляксандра Несцераўна.

— Колькі вам гадоў было тады?

— Сем класаў скончыла да вайны.Усіх дзяцей было сямёра, а засталося толькі двое, сястра мая Каця, якая са мной тут жыла, ёй 94 гады, і я.

“Была царква ў вёсцы, — расказвае далей сваю гісторыю: бацька мой яшчэбудавай яе, і гэтую царкву перад самай вайной раскідалі, а насупраць царквы быў недастроены дом. І ў гэтым доме нас і папалілі жывымі душамі. Усіх сагналі немцы. Хто тады пытаўся, за што? У нас жа лес быў, шаша “Бабруйск —Магілёў” два кіламетры ад вёскі, можа хто на дарозе немцаў пашкамутаў, а кругом жа лес, — вось яны нас сагналі, бо вырашылі, што з найшай “дзярэўні”. Уратавалася вельмі мала людзей. “Спасаўся” кожны сам сабе. Дзе каго спаймалі, адтуль і цягнулі ў адно месца, і тады запалілі, кругом абстралялі. Мая сястра старэйшая згарэла з мужам, а яе сына малога я выцягнула з агню, хлопчык ужо хадзіў, тры гады было… Выцягла.

Тры з палавінаю гады жылі ў лесе, пад адкрытым небам. Усіх кароў немец угнаў у Германію сваю, пітацца не было чым, адзецца не было ў што. Сярод леса дзе-небузь паляначку капалі, сеялі дзе што знаходзілі. Семьямі жылі, каму было куды ехаць да сваякоў, тыя з’ехалі, астатнія сядзелі ў лесе. Выкопвалі ў зямлі нешта кшталту нішы і так зімавалі. Ні адзецца, ні абуцца не было чаго. Хадзілі па людзях і прасілі, дзе было не папалена. І такім чынам выжылі. Мы ж перажылі тыф, малярыю і дызінцерыю… Тыф усім выстрыг валасы, усе як чурбанчыкі былі. Пасля тыфа – дзызінцерыя, гэта крывавы панос. Там у лесе і хавалі гэтых людзей.

— А немцы ў лесе не турбавалі вас?

— Немцы баяліся, таму што была ж партызаншчына.

— Дык можа партызаны дапамагалі чым?

— О, партызаны! Хаця б яны ад нас не адабралітое,што было. Ім тожа нада было і пітацца і адзецца... Неяк жа выжылі. Сваім здароўем хто пабароў, той і застаўся. Гэта ўжо было, як немцы адступалі. Нас жа акружылі, трэба было неяк з лесу гэтага выбірацца. І вось мы выбіралія, хто як мог, хто бокам, хто скокам. І кулі сыпаліся па мне. Я адна бегла, так атрымалася, па мне кулі сыпаліся “ціў-ціў-ціў” з усіх бакоў, але самае інцярэснае, што мяне ні адна не закранула. Гэта Гасподняя воля, напэўна. Мы ж малілся. У нас па роду ўсе праваслаўныя. Перад саменькай вайной царкву разбурылі. Яе хацелі кудысьці перавезці і тут вайна пачалася. Яна ў бярвеннях так і засталася. Мы ўсе былі строга прывучоныя: дома ніхто лыжкі не возьме, каб не перахрысціцца, не сказаць “Ойча наш” і “Багародзіца Дзева радуйся”.

— Скончылася вайна, вы пайшлі вучыцца.

— Я паехала ў Магілёў і скончыла бухгалтарскія курсы і трапілапа размеркаванні на Калінкавічскі маслазавод. І там сустрэла свайго Талмачова, маё дзявочае прозвішча Лявончыкава. Талмачоў быў родам з Урала. Ён звёз мяне ў Свярдлоўск, у яго памерла жонка і засталася дзевачка, гэта мая прыёмная дачка, яна і цяпер жыве там. У мяне нарадзіўся толькі адзін сын ад гэтага шлюбу, гэты які ў Піцеры. Мне было трыццаць дзевяць гадоў, а яму сорак тры, калі ён памёр. Муж памёр і ўсё жыццё памерларазам з ім, і тады я вярнулася на сваю Магілёўшчыну.

Мой старэйшы брат быў лётчыкам, яшчэ да вайны служыў у Харкаве. Мы яго чакалі на пабыўку, у яго быў хлопчык. Было “ўрадзіцельства”, яго вызвалі нават не ў сваю змену, жана была ў раддоме і яго вызвалі ў палёт, самлёт не падняўся і ён загінуў. А мы чакалі яго. Семнаццатага чысла, чэрвеня месяца прыйшла тэлеграма. Я абрадавалася, у нас быў такі блізарукі паштальён, прынёс телеграму і чытае, я крычу: “Мама, тэлеграма! Адам едзе ў водпуск”. А ён чытае і гаворыць: я такіх телеграм нікому не жадаю. А мама на гэтых словах — брык і ўпала. А ў нас жыла вучыцельніца, я крычу: “Анна Сцяпанаўна, мама ўмерла” — яна падбегла з лякарствам, лыжачкай расчапіла зубы і наліліла прама з бутэлечкі. Адхаяла яе. І тут жа яны з бацькам сабраліся і паехалі на похараны. Яны заехалі і немец аб’явіў вайну. “Кіеў бамбілі нам аб’явлі, што пачалася вайна” — тады мы такую песню пелі. Немец прыйшоў к нам на Магаліёўшчыну за адзін тыдзень.

— Кажуць, што на пачатку вайны немцы не былі такія злыя, як быццам бы добра ставіліся да мірных жыхароў.

— Я не знаю… У іх такі голас і гаворка грубая, я іх баялася па-страшнаму, разгавор нейкі— “бу-бу-бу”... Я б не сказала, што яны былі добрыя.

Мы маліліся тайна, маліліся падпольна. Праследавалася рэлігія, гэта цяпер усе адкрыта, а тагды ж быў камунізм. Кніжак і малівеннікаў не было, выспрашвалі, перапісвалі адзін у аднаго, я тут ужо ў Мінску Тамары аддала тры “обшчыя цетрадзі” з маімі малітвамі. Перапісвала і малілася.

— А як вы адчуваеце, што Бог чуе вашу малітву?

— Не заўсёды адчуваеш. Гэта даецца Богам паняць. Убаяцца трэба, што вот, нельга без Бога. Без Бога нельга жыць.

— Аляксандра Несцераўна, вы кожны дзень раніцай і вечарам у царкве, моліцеся…

— Раніцай і вечарам, а ўсю ноч! У мяне ж цяпер сна няма, я багаслаўлёла. Мне ў Піцеры дзелалі аперацыю на вочы. У мяне была адслойка сятчаткі. Сляпую пасадзілі тут, амаль нічога не бачыла. На гэтае вока я ні зарыначку не бачыла, а ў гэтае вока паставілі хрусталік, ён ставіцца на дзесяць гадоў, а я жыву ўжо дваццаць два.

— Раніцай — у царкву, і вечарам — у царкву, а было такое, што вось нешта лянота, маўляў, я лепш дома памалюся?

— Не, не было. Мне ў царкве лягчэй, там болей благадаці. Калі нікога няма, я тады малюся сабе адна, мня лягчэй становіцца, дыхаць лёгка, быццам на крылах мяне ўздымаюць.

— Якая малітва ў вас самая любімая, ёсць такая?

— Кождая малітва добрая па-свойму. Ісусава малітва, — робіш што-небудзь, падлогу мыеш і паўтараеш пра сябе: “Госпадзе, Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мяне грэшную”.

— Восемдзесят шэсць гадоў пражылі, што самае добрае запомнілася?

— А Бог яго ведае. Пад час — усё добра, а пад час — яно ўсё дрэнным становіцца. Усякая прычына бывае, бывае такі настрой, і стан здароўя, усё ж хворае, і спакусы. У першую чаргу, напэўна, спакуса.

— Хацелі б па-новаму пражыць жыццё?

— Я не думала над гэтым ніколі… А такое жыццё пражыла б, якое б мне Бог падказаў. Нас так бацькі вучылі, мае бацькі былі вельмі веруючымі, усе былі хрышчаныя, усе ўвацаркоўленыя і, не дай Бог, толькі пальчыкам памахае, — адразу мы слухаліся.

— А бацькоў называлі“на вы” ці “на ты”?

— Старэйшыя называлі “на вы”, а мы ўжо, меньшыя,—“на ты”.

— Чалавек нараджаецца ў гэты свет, і самае галоўнае на вашу думку, што ён павінен зразумець і чаму навучыцца?

— Чалавек створаныБогам і павінен у першую чаргу пачытаць Бога.

— А навошта Бог стварыў чалавека?

— Яму, напэўна, сумна было аднаму(усміхаецца), хацелася пагаварыць.

— Стварыў Бог чалавека, чалавек саграшыў, што мы павінны зразумець за жыццё?

— Самае галоўнае — гэта чэсна і годна пражыць на зямлі. Нас бацькі вучылі: ты павінен слухацца маму і папу, дзеда і бабу і, не дай Бог… Нас не білі, нам толькі пальцам памахаюць і мы ўсё разумелі. А цяпер лупі яго, а ён будзе па-свойму дзелаць, усё не так, як бы трэба было, вушы накруці — а ён усё роўна сваё круціць. Веры сапраўднай цяпер няма. Ісціннай веры, душэўнай веры няма. Я назіраю, як людзі прыходзяць у царкву, вельмі рэдка бачыш шчырасць, халатнасць нейкая…

— Вы болей за ўсіх пажылі на свеце з нашага прыходу, бачыце адносіны паміж людзьмі, якую параду далі б людзям.

— Трэба болей дабра, болей ісціны ад сэрца. Душа і сэрца павінны быць у руцэ Бога. Ніякі труд, ніякая работа, — дарбрата ў першую чаргу. Рабі людзям дабро і табе будзе дабро. А зрабі зло і табе яно вернецца. Людзям нельга зла чыніць.

— У тым і бяда, што чалавек, што б ні рабіў, знаходзіць сабе апраўданне, ён думае, што заўсёды правільна робіць.

— Калі чалавек робіць зло наўмысна, то ён ведае, што робіць дрэнна. Зло яно і застанецца злом, як ты не перакручвай. У душы ад зла ўсё кіпець будзе, ад дабра — лёгка на душы. Зло нельга нікому рабіць, ні людзям, ні сабе. Яно на табе атаб’ецца. Вось у чым справа. Я гэта заўважаю з практыкі, што тыя людзі, якія шмат зла робяць іншым, на сабе гэта і пажынаюць.

— А чаму яны робяць зло другім?

— Не знаю, можа ад характара залежыць, што яму хочацца падвінціць каго-небудзь. Ёсць такія людзі, што будзе падвінчваць на зло. Я помню ў маладосці плакала ад гэтай няпраўды, мяне даводзілі да слёз. Ісціны нельга скрываць. А тут застаўляюць перавярнуць яе. Вось гэта і ёсць зло. Ад сорта людзей ячшэ залежыць, вельмі шмат значыць. Род ідзе па пакаленню: папа, мама, дзяды і прадзеды, — як яны выхоўвалі сваіх патомкаў, — так гэта і вылілася: у дабро, або ў зло. Добры чалавек ён даўжэй жыве.

— Не заўсёды так бывае. Гэта не нашыя суды, але іншы раз наадварот атрымліваецца, як у Цютчава: “не косит сплошь, но лучшие колосья нередко с корнем вырывает он”.

— А яшчэ важна з якога рода ты пайшоў, ад добрага ці ад кепскага. А гэта ў арганізме ўсё накручваецца і наслайваецца. Я толькі знаю, што зла ні сабе ні людзям не жадай, рабі дабро, — ад дабра і табе на сэрцы лягчэй будзе. Гэта я па сабе ведаю. Стараюся ўсім улагодзіць.

— Несцераўна, ёсць такія моманты ў жыцці, за якія вам сорамна па сённяшні дзень?

— Няма ў мяне такіх момантаў. Калі штосьці і было не так, то значыць, тое было прадвызначана Богам, значыць, такі мой крэст.

— Чаму хваробы насылаюцца на людзей?

— Па-першае па прыродзе, па генах ідуць, і ад нашага зла ячшэ можа болей залежыць. Не трэба зліцца. Мы самі сябе губім і знічтажаем злом. Зло — гэта чалавечы парок, нават ворагу не пажадаю ніякага зла. Ён мне зрабіў дрэнна, а я яму зраблю добра, каб ён запомніў і стаў лепшым.

— А ён падумае, што вы далі слабіну.

— Хай думае так, як сабе хоча. Мяне бацькі вучылі, зла не помні нікому, прабач ўсім і Бог табе даруе.

— Цуды якія-небудзь былі ў жыцці?

— Самы вілікі цуд быў тады, калі я выйшла з агню жывая. З акружэння выходзіла: кулі сыпаліся, як дождж, і ніводная не пацэліла. Гэта і ёсць Божая воля.

— І отвернется сын от отца і матерь своей і прілепітся к жене…. Што такое любоў паміж мужчынам і жанчынай?

— Гэта душэўнае пачуццё.

— У кожнага яна бывае?

— Як каму Бог пашле.

— У вас была любоў?

— Мне не было калі любіць, таму што муж увесь час у бальніцы быў. Мой самы малады ўзрост патрапіў на вайну. Можна сказаць, што мяне абмінула любоў. Ён па бальніцах і па бальніцах, нарадзіла аднаго сына і ўсё. Меньш сямі гадоў я пражыла з ім. Вайна была. Пра любоў ніхто не думаў, кожная душа думала, як уратавацца, а на мужчын не заглядваліся. Кончылася вайна, мяне забраў у Свярдлоўск. Выйдзе з бальніцы і зноў у бальніцу, то ў яго з галавой дрэнна, то з мазгамі.

— Усе цяпер гавораць пра канец свету. Вы ў гэта верыце, ці не?

— Гэта адзін Бог знае, калі будзе і калі — не будзе. Гэта можа аферысты якія настрайваюць народ.

— Шкадуеце, што разваліўся Савецкі Саюз?

— Савецкі Саюз праследаваў рэлігію, вось гэта было дрэнна. Цяжка тут разважыць. Тады я была маладая і нічога не разабралася. Не знаю, як і сказаць, ці шкада ці не? Савецкі саюз, “авечскі саюз”… Мне не падабалася, што яны праследавалі рэлігію.

— А вам у парцію не прапаноўвалі ўступіць?

— Божа ўпасі. Ніхто не прапаноўваў. Я была тайны малітвеннік, у мяне адна лінія жызні ад нараджэння да смерці, я не мяняла і не змяню яе перад Богам, а партыя — гэта выдумкі чалавечыя. Тое што Бог ёсць сіла — гэта сапраўды так і ёсць. Вось возьмем — луна, яна то павялічваецца, то змяншаецца, гэта ж Богам дадзена. А як можна павярнуць іначай там на небе? І чаго яны лезуць у рэлігію і кажуць, што ўжо будзе канец свету.

— А ў сны верыце?

— Не прыглядваюся да сноў, не звяртаю на іх увагу. Не запамінаю нават. Вось душой Бог падказвае.

— Як чалавеку даведацца Божую волю?

— Бог ёсць на свеце, у гэтым я ўпэўнена. А як ён дзейнічае і як на каго, не ведаю.

— І бесы веруюць і трапечуць. А як па Божай волі жыць? Калі чалавек жыве па Божай волі, то ён Божы, а калі працівіцца, то ён ужо бясоўскі.

— Спытайся ў Бога, я — не Бог.

— А як пачуць адказ? Пытаешся і не чуеш. Молішся, молішся і прыходзяць сумненні: закапаюць і згніеш — няма нічога. Стукашеся, стукаешся і нічога не прыходзіць. Як тады Божую волю спазнаць?

— Напэўны Бог сваім блізкім адкрывае, гэта ж не кожнаму дано, спазнаць Божую волю, мы не дастойныя і хочам кожны ўлезці к Богу.

— Дык ён жа ўсіх любіць.

— Усіх то ён любіць, ды не ўсіх чубіць. У Божую волю лезці… Гэта нябесная сіла. Яе нада душой адчуваць. Вось калі па мне сыпаліся кулі, вось тады я адчувала Божую волю: не ўмяне, а — вакол мяне. Госпадзі, малілася я, вяліка твая сіла, ты мяне такую недастойную захаваў, каб я яшчэ гаравала.

— Ці страшна паміраць, смерці баіцеся?

— Смерці баяцца не трэба, гэта пераход у новае жыццё.

— А не просіце ў Бога, каб ужо хутчэй?

— А навошта спяшацца, туды паспеем, як Бог дасць так і будзе. На ўсё Божая воля.

Запісаў і падрыхтаваў Анатоль Кудласевіч