РЫХТУЕМСЯ ДА СВЯТА

Вялікдзень гэтага года асаблівы і знамянальны для нашай царквы, ёсць намер адслужыць на Пасху першую службу ў галоўным храме ў гонар Архістраціга Божага Міхаіла, які незвычайным цудам узнёсся ў нябёсы ўсяго за два гады. Алтарная ікона, плён сумеснай працы Аляксандра Зубовіча разам з сынам Міхаілам, — заняла сваё пачэснае месца; хутка падымецца пад купал раскошнае пазалочанае панікадзіла, рыхтуецца да свята і Царская Брама, прастол, падсвечнікі, — усё неабходнае для таго, каб першая літургія дайшла супольнай малітвай да прастола Нябеснага Айца. У гэты напружаны час як ніколі адчуваецца дапамога нашых прыхажан, якія сваёй пасільнай працай рыхтуюць царкву да ўрачыстасцей. Праваслаўны прыход Архістраціга Божага Міхаіла ў асобе Настаяцеля протаіярэя Ігара Галакова і старасты прыхода пісьменніка Анатоля Кудласевіча шчыра дзякуе за дапамогу прыхажан, хацелася б адзначыць самых актыўных, а менавіта: Уладзіміра Дубовіка (віншуем яго з нараджэннем сына, імя якому выбралі Ціхан), Вячаслава Емельянава (зычым хутчэйшага выздараўлення), Юрыя Крэмеза, Сяргея Туркевіча, Аляксандра Вараксу, Аляксандра Сушнёва, Леаніда Драчылоўскага, Аляксандра Несцерчука, Валянціна Саломку, Уладзіміра Чарнененку з сынам Даніілам, Алену Сенькевіч і Наталлю Юр’еву і многіх многіх іншых прыхажан, імёны якіх ведае Гасподзь Бог і якія сваёй працай у перадсвяточныя дні ўнеслі сваю пасільную лепту, каб наш прыход станавіўся прыгажэйшым, больш адухоўленым, каб увогуле прыхажане з цягам часу станавіліся вялікай Праваслаўнай сям’ёй.

Асобую ўдзячнасць хацелася б выказаць і нашым школьнікам, якія ўжо двойчы дружнымі гуртамі прыходзілі на ўборку прылягаючай да храма тэрыторыі. Таму выказваем шчырую падзяку дырэктару СШ № 212 Андрушчанка Георгію Уладзіміравічу і дырэктару гімназіі № 33 Якубоўскай Аксане Барысаўне за разуменне і арганізацыю пасільнай дапамогі. Вось і сёння 30 красавіка выкладчыца рускай мовы і літаратуры Святлана Жураўская і настаўніца геаграфіі Наталля Станкевіч прывялі да галоўнага храма Архістраціга Божага Міхаіла адзінадцатыя “А” і “Б” класы сярэдняй школы № 212, а сацыяльны педагог Аляксандра Токарава восьмы клас гімназіі № 33. Дзеці папрацавалі ў радасць і на славу Божую. Пасля работы жадаючыя мелі магчымасць зайсці ў царкву ў гонар “Ксеніі Пецярбургскай” і падаць запіскі “за здравие” і “за упакой” сваіх родных і блізкіх.

Будучыя лёсы гэтых школьнікаў ведае толькі Гасподзь, але пройдуць гады, як адзін дзень праляцяць, і сённяшнія памагатыя з гонарам будуць расказваць сваім дзецям і ўнукам, што ў 2013 годзе, перад Вялікаднём яны працавалі для таго, каб у храме адслужылася першая служба.

Стараста прыхода Архістраціга Божага Міхаіла
Анатоль Кудласевіч